Прэсавая служба АПК са спасылкай на кіраўніцу прадстаўніцтва Аліну Коўшык паведамляе, што сярод прыярытэтных кірункаў дзейнасьці на наступны год таксама фігуруюць:
- «ўзмацненьне галіны беларускіх навуковых дасьледаваньняў у міжнароднай акадэмічнай прасторы»,
- «пашырэньне сеткі беларускіх школак»,
- «павелічэньне падтрымкі незалежнай беларускай культуры»,
- «актыўнае правядзеньне Году нацыянальных традыцый».
«Лічу, што кірунак нацыянальнага адраджэньня ў наступным годзе будзе заставацца для кабінэту адным з найважнейшых, — адзначыла палітык. — Фактычна ён пранізвае дзейнасьць кожнага з прадстаўніцтваў кабінэту. Таму я ўпэўненая ў нашым далейшым шчыльным супрацоўніцтве з усімі калегамі па кабінэце. Нездарма будучы год прысьвечаны беларускай нацыянальнай традыцыі. Я адчуваю, што ён будзе няпростым, але нам вельмі важна не губляць аптымізм, верыць у зьмены да лепшага ў Беларусі, ганарыцца тым, што мы беларусы, і перадусім — дзейнічаць».
Паводле слоў Коўшык, у 2024 годзе адбудзецца «шэраг важных публічных падзей, канфэрэнцый, замежных візытаў».
"Гэтая і іншая наша праца робіцца дзеля таго, каб мы ў будучым маглі вярнуцца ў вольную, дэмакратычную Беларусь і перанесьці ў яе ўсе створаныя ў выгнаньні інстытуцыі: Інстытут беларускай кнігі, Беларускі інстытут публічнай гісторыі ды іншыя. Мы ствараем супольную прастору вольнай культуры і адукацыі«,— падкрэсьліла Аліна Коўшык, дадаўшы, што прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэньні адкрытае да прапаноў грамадзтва.
Сябра АПК нагадала, што ў 2023 годзе была распрацаваная «стратэгія і канцэпцыя нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця», створана «сетка суботніх школак для дзяцей беларусаў замежжа», «новая інтэрактыўная мапа беларускіх гісторыка-культурных мясьцін kultmapka. me», праведзены «форум інфармацыйнай устойлівасьці».
- У другой палове 2010-х гадоў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ініцыявала стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча — ВНУ з выкладаньнем выключна на беларускай мове. За стварэньне беларускамоўнага ўнівэрсытэту было сабрана больш за 50 000 подпісаў.
- Унівэрсытэт прайшоў дзяржаўную рэгістрацыю 15 сакавіка 2018 году. 12 чэрвеня ў Міністэрстве адукацыі Беларусі прайшлі перамовы аб наданьні ліцэнзіі на выкладаньне. Але пасьля 2020 году справа заглухла.