Кіраўніцтва «Белсату» было пазбаўлена фінансавых паўнамоцтваў. Электронны ліст з апавяшчэньнем атрымала дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская і яе намесьнікі. Пра гэта яна напісала ў сетцы Facebook.
«У мяне і маіх намесьнікаў па электроннай пошце адклікалі фінансавыя паўнамоцтвы як дырэкцыі „Белсату“», — паведаміла яна.
Таксама ў адказ на пытаньні падпісчыкаў Агнешка Рамашэўская патлумачыла, што цяпер яна ня можа падпісваць дамовы і весьці іншую гаспадарчую дзейнасьць ад імя тэлеканалу. Пры гэтым яна не змагла станоўча адказаць на пытаньне, ці азначае гэта, што яе адхілілі ад кіраваньня.
«Дэ-факта — напэўна так. Калі мне не дадуць паўторны ліст даверанасьці, на гэты раз ад ліквідатара. Але я ня ўпэўненая, што атрымаю яго», — напісала яна.
- «Белсат» зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Грамадзкага польскага тэлебачаньня — TVP.
- Пасьля прыходу да ўлады ў канцы мінулага году новы ўрад Польшчы пачаў працэдуру ліквідацыі дзяржаўных СМІ. Такое рашэньне павінна было даць дзяржаўным СМІ магчымасьць функцыянаваць далей, бо ў рэжыме ліквідацыі нельга звальняць супрацоўнікаў у сувязі з адсутнасьцю фінансаваньня. Таксама гэта давала магчымасьць правесьці рэструктурызацыю гэтых СМІ.