Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская папрасіла прэмʼер-міністра Фінляндыі спрасьціць беларусам працэдуру легалізацыі


Сьвятлана Ціханоўская з прэмʼер-міністрам Фінляндыі Анці Петэры Орпа
Сьвятлана Ціханоўская з прэмʼер-міністрам Фінляндыі Анці Петэры Орпа

Спрасьціць беларусам працэдуру легалізацыі і атрыманьня прытулку папрасіла Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з прэмʼер-міністрам Фінляндыі Анты Пэтэры Орпа 11 студзеня ў Хэльсынкі.

«Па словах прадстаўнікоў дыяспары, ёсьць шмат адмоў. Беларусь не зьяўляецца бясьпечнай краінай для вяртаньня, таму Ціханоўская і просіць Фінляндыю пайсьці насустрач», — сказаў «Позірку» галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго, у ходзе перамоваў з прэм'ерам Петэры Орпа Ціханоўская падзякавала за шматгадовую падтрымку Фінляндыяй беларускіх адукацыйных ініцыятываў, праваабарончай дзейнасьці. Абмеркавалі варыянты рэалізацыі культурных ініцыятываў, якія ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасьць, у тым ліку празь фінскія дыпляматычныя місіі.

Размова ішла таксама пра рэабілітацыю беларускіх палітвязьняў, якія выходзяць з турмаў, а таксама іх семʼяў. Гаварылі таксама пра санкцыі і прыцягненьне рэжыму да адказнасьці з дапамогай міжнародных арганізацый, сказаў дарадца.

«Ціханоўская адзначыла, што Фінляндыя — прыклад таго, як можа разьвівацца свабоднае грамадзтва, і беларусы могуць шмат чаму павучыцца ў Фінляндыі, таму абмены паміж людзьмі, паміж грамадзянскай супольнасьцю маюць вялікае значэньне», — дадаў Вячорка.

Акрамя таго, Ціханоўская папрасіла Орпа ўключаць беларускія дэмакратычныя сілы ў лік удзельнікаў міжнародных імпрэз, асабліва ў рамках Паўночнай рады і Паўночна-Балтыйскай васьмёркі.

У сьнежні 2022 году на сустрэчы з папярэднім прэмʼер-міністрам Фінляндыі Саннай Марын Ціханоўская заклікала не зачыняць дзьверы для беларусаў, якія шукаюць прыстанішча ў Эўразьвязе.

  • Паўночная рада была створаная ў 1952 году, туды ўваходзяць Фінляндыя, Данія, Ісьляндыя, Нарвэгія і Швэцыя.
  • У складзе Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (NB8), утворанай у 1992 годзе, апроч пералічаных краін, яшчэ Латвія, Літва і Эстонія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG