Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што сяброўства Ўкраіны ў NATO будзе дадатковай гарантыяй бясьпекі для краін Балтыі, Польшчы і Беларусі


Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Украіны. Архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Украіны. Архіўнае фота

Уладзімір Зяленскі зрабіў заяву ў часе візыту ў Эстонію.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскае войска мае высокі ўзровень падрыхтоўкі да сяброўства ў NATO, уступленьне Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны альянс мае вялікую падтрымку сярод украінцаў, а сяброўства ў гэтай арганізацыі створыць дадатковыя гарантыі бясьпекі для краін Усходняй Эўропы.

«Калі мы гаворым пра ўзровень наша войска або пра сумяшчальнасьць з стандартамі NATO, то бачу, што мы абсалютна гатовы [да сяброўства NATO]. Што датычыць нашых інстытуцый, нашых людзей, то мала таго, што ўкараняюцца ўсе неабходныя рэформы для гэтага, і нават у часе вайны, і мы гэта ўжо паказалі на практыцы. Што датычыць людзей, ці хочуць яны, то ў нас вельмі высокі адсотак, 90% украінцаў падтрымліваюць сяброўства ў NATO», — заявіў Уладзімір Зяленскі 11 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Таліне (Эстонія).

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што далучэньне Ўкраіны да NATO створыць дадатковыя гарантыя бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе.

«Гэта будзе, калі шчыра, найлепшай гарантыяй бясьпекі для Ўкраіны, што ня будзе вяртаньня расейскай агрэсіі, найлепшай гарантыяй бясьпекі для краін Балтыі, найлепшай гарантыяй бясьпекі для Польшчы і ..., я мяркую, магчымасьць думаць пра іншую будучыню для Беларусі. Гэта сяброўства Ўкраіны ў NATO», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 10 студзеня пабываў у сталіцы Літвы Вільні, пасьля Таліна ён яшчэ наведае Рыгу.

На саміце NATO у Вільні ў ліпені 2023 году скасавалі Плян дзеяньняў Украіны для сяброўства ў NATO і стварылі Раду Ўкраіна — NATO як інструмэнт набліжэньня ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Аднак Украіна не атрымала дакладнай пэрспэктывы ўступленьня ў арганізацыю. Удзельнікі саміту пацьвердзілі, што Ўкраіну запросяць у NATO, калі саюзьнікі пагодзяцца, што краіна выканала ўсе неабходныя для гэтага патрабаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG