Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заклікаў краіны NATO даць Украіне юрыдычныя гарантыі бясьпекі


Уладзімір Зяленскі на саміце NATO ў Вільні, Літва. 12 ліпеня 2023 году
Уладзімір Зяленскі на саміце NATO ў Вільні, Літва. 12 ліпеня 2023 году

Пра гэта прэзыдэнт Украіны заявіў на сумеснай з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам прэс-канфэрэнцыі.

Уладзімір Зяленскі назваў «добрымі» для Ўкраіны вынікі саміту NATO ў Вільні, прызнаўшы, што краіна ня можа стаць сябрам Альянсу, пакуль на яе тэрыторыі ідзе вайна.

«Мы адэкватныя людзі, мы разумеем, нам дапамагаюць партнэры — яны пастаўляюць зброю, гэта дапамагае нам выжываць, нам гэта вельмі трэба. Мы разумеем, што нехта зараз баіцца гаварыць пра наша сяброўства ў NATO, бо ніхто ня хоча разьвязаць сусьветную вайну. Сапраўды, гэта лягічна і зразумела, я хачу, каб усё гэта разумелі. Мы цывілізаваныя і нармальныя людзі, мы разумеем, што пакуль ідзе вайна, Украіна ня можа быць чальцом NATO», — адзначыў Зяленскі.

Ён таксама паведаміў, што на сустрэчы з прадстаўнікамі краін-удзельніц Альянсу прагучалі важныя сыгналы аб тым, што Ўкраіна будзе сябрам NATO.

«Гэтая ўпэўненасьць, як мне здаецца, адчуваецца ўпершыню. Мы станем чальцом NATO, калі будуць умовы. Я разумею, што гэта адбудзецца тады, калі на нашай зямлі будзе бясьпечна», — рэзюмаваў прэзыдэнт Украіны.

Гаворачы аб прадастаўленьні NATO гарантый бясьпекі Ўкраіне, Зяленскі заявіў, што анансаваныя на саміце гарантыі могуць стаць першым юрыдычным дакумэнтам для краіны.

«Гэта не дадатковыя гарантыі. У нас няма рэальных юрыдычных гарантый, у нас ёсьць фактычныя гарантыі — фінансавыя, санкцыйныя, абаронныя», — падкрэсьліў ён.

У сваю чаргу, Енс Столтэнбэрг заявіў, што Ўкраіна «бліжэй да NATO, чым калі-небудзь», дадаўшы, што краіна стане часткай Альянсу пасьля выкананьня ўсіх высунутых ёй умоў. Ён таксама падкрэсьліў, што ўсе чальцы NATO пагадзіліся з тым, каб устараніць Плян дзеяньняў для сяброўства, што, паводле слоў Столтэнбэрга, зьменіць шлях Украіны ў NATO з двухэтапнага на аднаэтапны.

Уладзімір Зяленскі і Енс Столтэнбэрг, Вільня, 12 ліпеня 2023
Уладзімір Зяленскі і Енс Столтэнбэрг, Вільня, 12 ліпеня 2023

Генэральны сакратар NATO таксама паведаміў аб заснаваньні рады NATO — Украіна.

«Гэта адзін з трох элемэнтаў, які ўваходзіць у пакет таго, што мы ўзгаднілі сёньня, які забясьпечвае тое, што Ўкраіна будзе яшчэ бліжэй да сяброўства ў NATO. Мэта гэтага рашэньня — умацаваць палітычныя сувязі і ўзаемадзеяньне паміж NATO і Украінай. Мы запросім Украіну ў NATO, калі саюзьнікі пагодзяцца, што патрабаваньні выкананыя. Украіна атрымае доўгатэрміновыя гарантыі бясьпекі — гэта дапаможа стрымліваць Расею пасьля заканчэньня вайны, пакуль Украіна ідзе ў NATO», — адзначыў Столтэнбэрг.

Напярэдадні Ўладзімір Зяленскі раскрытыкаваў краіны NATO за, на яго думку, нерашучую пазыцыю ў пытаньні членства Ўкраіны ў арганізацыі. Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, «па дарозе ў Вільню мы атрымалі сыгналы аб тым, што пэўныя фармулёўкі абмяркоўваюцца без Украіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG