Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай жонцы вядомага літоўскага актора ўсё ж выдалі дазвол на жыхарства ў Літве


Сьцяг Літвы, ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Літвы, ілюстрацыйнае фота

Вядомы літоўскі актор Уладас Багдонас раней расказваў, што ягоная жонка, грамадзянка Беларусі Алены Ліопа, была вымушаная зьехаць на радзіму, бо ў яе скончыўся дазвол на жыхарства ў Літве.

Цяпер стала вядома, што дазвол на жыхарства ўсё ж выдалі. Пра гэта паведаміла Delfi кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвэліна Гудзінскайце.

Раней праблему, зь якой сутыкнулася ягоная сямʼя, Уладас Багдонас апісаў у Фэйсбуку і папрасіў парады. Ён расказаў, што тры гады таму ажаніўся з грамадзянкай Беларусі. 9 сьнежня ў яе скончыўся тэрмін дзеяньня дазволу на жыхарства, і яна мусіла вярнуцца ў Беларусь.

Багдонас заўважыў, што вайна пачалася ў 2022 годзе, і ягоная жонка «ня мае нічога агульнага з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну», і дадаў, што зьвярнуўся ў Дэпартамэнт міграцыі і ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі.

29 сьнежня на допіс Багдонаса ў сацсетках адрэагавала сама Эвэліна Гудзінскайце. Яна запэўніла, што заяўку па справе жонкі актора Алены Ліопы разглядаюць, а рашэньне па ёй прымуць 13 студзеня.

Уладас Багдонас — літоўскі актор тэатру і кіно, народны артыст Літоўскай ССР, ляўрэат Нацыянальнай прэміі Літвы ў галіне культуры і мастацтва. У 1985 годзе выканаў ролю партызана Рубяжа ў фільме «Ідзі і глядзі». Ягоная жонка Алена Ліопа — тэатральная журналістка.

Гэта ня першы раз, калі грамадзяне Беларусі сутыкаюцца з праблемамі падаўжэньня дазволу на права жыхарства ў Літве. Delfi ўжо пісала пра тое, што беларуса Аляксея, які пражыў там 17 гадоў, напрыканцы лістапада 2023 году выслалі на радзіму, і ён мусіў пакінуць жонку і дваіх дзяцей.

Дазвол на жыхарства яму наогул не працягнулі. Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы вырашыў, што гэты мужчына ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы, бо 20 гадоў таму служыў у беларускім войску.

  • 26 сьнежня Сейм Літвы ўхваліў папраўкі да закону аб прававым статусе іншаземцаў, якія, сярод іншага, дазволяць выдаваць беларусам, што прыбылі ў краіну пры пасярэдніцтве МЗС, дазвол на жыхарства з гуманітарных прычын не на адзін, а на тры гады.
  • Закон падпісаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, і ён уступіў у сілу.
  • Прапанову павялічыць тэрмін дзеяньня гуманітарнага ДНЖ да трох гадоў унесла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Яна аргумэнтавала гэта тым, што адпаведны дакумэнт выдаюць у асноўным грамадзянам Беларусі, якія ратуюцца ад рэжыму Лукашэнкі, а сытуацыя ў Беларусі ўжо «доўгі час не мяняецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG