Летась 20 сьнежня супрацоўнікі органаў унутранай бясьпекі Польшчы затрымалі беларуску па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Ёй прад’явілі абвінавачаньні ў шпіянажы, паведамляе Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.
«Як было ўстаноўлена, беларуска на працягу некалькіх месяцаў перадавала на карысьць вышэйназванай службы інфармацыю пра членаў беларускай дыяспары, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, і арганізацыі, якія абʼядноўваюць беларусаў і палякаў беларускага паходжаньня», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Затрыманай прадʼявілі абвінавачаньне ў шпіянажы і арыштавалі папярэдне на тры месяцы.
Гэта ня першы выпадак, калі Польшча абвінавачвае грамадзянаў Беларусі ў шпіёнскай дзейнасьці.
19 сьнежня 2023 году Люблінскі акруговы суд абвясьціў выракі 14 замежнікам, абвінавачаным у шпіянажы на карысьць Расеі. Іх пазбавілі волі на тэрміны ад 1 году і 1 месяца да 6 гадоў. Сярод іх трое беларускіх грамадзян.
19 кастрычніка таго ж году ў судзе Познані пачаўся працэс над двума грамадзянамі Беларусі па абвінавачаньні ў шпіянажы ў інтарэсах беларускай вайсковай выведкі.