Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства культуры спагнала з ААТ «Лідзкае піва» амаль 8 мільёнаў за ўплыў на ахоўныя зоны


Стары рэклямны плякат Лідзкага піва
Стары рэклямны плякат Лідзкага піва

Міністэрства культуры праз эканамічны суд Горадзенскай вобласьці спагнала з ААТ «Лідзкае піва» 7 866 150 рублёў і 94 капейкі. Гэта адлічэньні за прадпрымальніцкую дзейнасьць, якая нібыта ўплывае на ахоўныя зоны, з 2019 па 2022 год.

«Лідзкае піва» належыць фінскай кампаніі, якая хацела прадаць свае актывы ў Беларусі пасьля маштабнага нападу Расеі на Ўкраіну. Аднак урад забараніў гэта рабіць.

Як паведамляе партал Hrodna.life, на тэрыторыі ААТ «Лідзкае піва» месьціцца гісторыка-культурная каштоўнасьць катэгорыі «3», а менавіта будынак піваварні з гістарычным тэхналягічным абсталяваньнем, будынак леднікоў, дом і фрагмэнт разьліўні.

Падчас пазаплянавай праверкі, у тым ліку і ў справе выкананьня заканадаўства ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны, зафіксавалі прадпрымальніцкую дзейнасьць у ахоўных зонах.

Сярод іншага, каля будынка, які мае культурную каштоўнасьць, зьявіліся дадатковыя збудаваньні, усталявалі ганкі, вэнтыляцыі, трубаправоды. Гэта, на думку Мінкульту, узьдзейнічае на гістарычныя будынкі.

Суд пачаўся 16 кастрычніка 2023 году. Адказчык, «Лідзкае піва», не адмаўляў, што вёў прадпрымальніцкую дзейнасьць. Але сьцьвярджаў, што Мінкульт не даказаў узьдзеяньне гэтай дзейнасьці на зоны аховы.

Таксама адказчык сьцьвярджаў, што акт праверкі, які кажа пра ўзьдзеяньне, нельга распаўсюджваць на ранейшыя гады. Гэтыя аргумэнты судом не былі прынятыя. Таксама суд палічыў, што дадзенае ўзьдзеяньне адбывалася з 2019 году.

У лютым 2023 году Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі правёў праверку ААТ «Лідзкае піва», выявіў парушэньні і аштрафаваў кампанію на 35,8 млн рублёў (€12 млн эўра па курсе Нацбанку на 20 лютага).

Завод у Лідзе існуе з 1876 году. Паводле Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, гэта найстарэйшы бровар на тэрыторыі краіны. Фінскі холдынг Olvi plc валодае «Лідзкім півам» з 2008 году. У свой час фіны прыходзілі на беларускі рынак толькі пры ўмове, што дзяржава саступіць ім большасьць акцыяў прадпрыемства. Кампаніі належыць 96,36% акцыяў.

Сем гадоў таму акцыянэрнае таварыства «Лідзкае піва» цалкам абнавіла свой сайт — ад 24 студзеня 2017 году ён стаў беларускамоўным.

«Лідзкае піва» ўдзельнічала ў шэрагу грамадзка значных праектаў, у прыватнасьці нацыянальнага кірунку. Кампанія дапамагала праводзіць агульнабеларускую дыктоўку і рэклямавала сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР, праводзіла буйны музычны фэстываль. На завод, на якім, акрамя піва і квасу, рабілі ліманады і іншую прадукцыю, вадзілі экскурсіі з дэгустацыяй.

У лютым 2023 году Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі правёў праверку ААТ «Лідзкае піва», выявіў парушэньні і аштрафаваў кампанію на 35,8 млн рублёў (€12 млн эўра па курсе Нацбанку на 20 лютага).

У сакавіку 2022 году з прычыны дапамогі Лукашэнкі Расеі з ваенным уварваньнем ва Ўкраіну Olvi заявіла, што пачынае згортваць свой бізнэс і шукае пакупніка на актыў у Лідзе. Але спачатку кампаніі не ўдалося знайсьці пакупніка на завод ва ўмовах міжнародных эканамічных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь, а затым урад заканадаўча акрэсьліў сьпіс прадпрыемстваў, якія належаць замежным уладальнікам і якім забаронена іх прадаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG