Былы жыхар Магілёва Андрэй Тупоўскі, ягоная жонка Алена і двое непаўналетніх сыноў на пачатку сьнежня перабраліся ў Польшчу, сям’я абжываецца ў варшаўскім раёне Урсус. Зь Беларусі яны выехалі год таму і спачатку плянавалі пасяліцца ў Літве, здымалі кватэру ў Вільні. У Беларусі, па словах Андрэя, яму пагражала крымінальная справа паводле артыкулу аб «экстрэмізьме» — у 2020-м яго затрымлівалі на «суткі», пасьля ім зацікавіўся КДБ.
«У Вільні была кватэра ў шматпавярховіку, затое на ноч можна было пакінуць машыну і ніхто не чапаў. Тут здымаем палову прыватнага дома, а вось паркоўка ўжо не патрэбная», — кажа Андрэй. Год таму на ўласным аўтамабілі сям’я беларусаў адолела амаль паўтары тысячы кілямэтраў, каб уцячы з Магілёва і складаным маршрутам дабрацца да Вільні. Забіраць аўтамабіль з сабой у Варшаву Тупоўскія не адважыліся.
«Тут зь ім было б столькі марокі! Не, ня трэба. Аддалі як гуманітарную дапамогу для УСУ, хлопцы перагоняць ва Ўкраіну. Там у мяне сябры, у тым ліку ў палку Каліноўскага. А мы, калі атрымаецца, новай машынай яшчэ абжывёмся», — кажа суразмоўца.
Па прафэсіі Андрэй сьлесар, працаваў на мясакамбінаце ў Бярэзані. Акрамя працы, займаўся спортам — зьмяшанымі адзінаборствамі. Працай быў задаволены, інакш бы штодня ня езьдзіў на маршрутцы з Магілёва і назад. У Вільні таксама працаваў сьлесарам у будаўнічай фірме.
«За мяне паўсотні калегаў-літоўцаў падпісаліся ў лісьце ў суд, калі судзіўся з Дэпартамэнтам міграцыі. І цяпер дырэктар фірмы тэлефануе, запрашае вяртацца. Але куды ўжо вернесься? Ды і як? Зноў наша доля такая, эмігранцкая», — наракае беларус.
Андрэй — інвалід 3-й групы па зроку. Трамбоз вока перанёс падчас адседкі ў магілёўскім ізалятары за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Стан здароўя ў яго складаны, але ўсё ж дазваляе працаваць. У жонкі Алены таксама праблемы са здароўем. Жанчыну затрымлівалі, каралі штрафам, ад перажытага стрэсу ў яе разьвіўся нэрвовы разлад — страчвае прытомнасьць, падае і можа сябе пашкодзіць. У Вільні Алена знайшла працу ў гатэлі. У Варшаве сужэнцы пакуль не працуюць. Адна з праблемаў — моўны бар’ер. Андрэй згадвае, што ў Літве яго не адчуваў, бо там вакол хапала расейскамоўных, калегі-літоўцы яго добра разумелі. А вось у Варшаве з расейскай мовай знайсьці працу складана.
«Разумею па-беларуску, але сорамна гаварыць з памылкамі. Чаму так атрымалася? Дык у нашай 28-й школе беларускую як выкладалі? Урокаў было няшмат, патрабавальнасьць нізкая, вучылі абы-як. З маімі сынамі тое самае паўтарылася. Старэйшы вучыўся ў школе алімпійскай рэзэрвы, там беларуская зусім была не ў пашане. Цяпер шкадуем. У Вільні малодшага сына пачаў вадзіць у нядзельную школу на гурток беларускай мовы, малы хоць нешта пасьпеў вывучыць», — падзяліўся Андрэй Тупоўскі.
Прайграны Дэпартамэнту міграцыі Літвы суд
У ліпені 2023 году Андрэй Тупоўскі з жонкай і два іхныя сыны падалі ў Дэпартамэнт міграцыі Літвы хадайніцтва аб атрыманьні міжнароднай абароны як палітычныя ўцекачы. Праз два месяцы яны атрымалі адмоўны адказ.
«Дэпартамэнтам міграцыі прынята рашэньне аб пераводзе асоб (пералічаецца сям’я Тупоўскіх) у Рэспубліку Польшча», — паведамілі беларусам літоўскія чыноўнікі і спаслаліся на «Дублінскую канвэнцыю» 1990 году паміж краінамі Эўразьвязу, паводле якой прашэньне аб міжнароднай абароне мусіць разглядаць тая краіна, якая выдала ўцекачам уязныя візы. Сям’я Тупоўскіх мела польскія.
З рашэньнем Дэпартамэнту беларусы не пагадзіліся і аспрэчылі яго ў судзе. Андрэй Тупоўскі згадвае, што ў змаганьні яму дапамагалі парадамі юрысты зь беларускай ініцыятывы «Краіна для жыцьця».
«Прапанавалі паклапаціцца пра ліст з маёй працы з подпісамі супрацоўнікаў, і такі ліст мне сапраўды далі. Больш за 50 калег за мяне падпісаліся, прычым і літоўцы таксама. Мы мелі даведку ад школьнага псыхоляга, што дзеці не перанясуць яшчэ аднаго пераезду, ім будзе псыхалягічна цяжка. Але і гэта не дапамагло — суд мы прайгралі, апэляцыя таксама была марнай», — расказвае Андрэй Тупоўскі.
У лістападзе сям’ю Тупоўскіх папярэдзілі зь міграцыйнай службы, што іх на адмысловым аўтамабілі адвязуць у Польшчу, дзе ўлады згодныя іх прыняць і разгледзець іх хадайніцтва аб прытулку.
«Сказалі, што з сабой можа ўзяць толькі па торбе ўласных рэчаў. Таму большасьць пажыткаў давялося перавозіць у Варшаву з дапамогай сяброў», — кажа Андрэй.
Андрэй Тупоўскі не выключае, што адной з прычын адмовы ягонай сям’і ў міжнароднай абароне стала тое, што ў 90-х гадах ён служыў у памежных войсках Беларусі. Гэты факт ён пазначыў у анкеце, калі падаваў дакумэнты на прытулак.
«Прызывалі мяне ў 1995 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі. Дэмбэль быў у 1996-м у сьнежні. Ужо амаль 30 гадоў мінула. Служыў я ў памежных войсках, але ж гэта была звычайная тэрміновая служба, на кантракт ніякі я не заставаўся. Служба праходзіла ў Берасьцейскім памежным атрадзе, якраз насупраць Берасьцейскай крэпасьці, побач з 1-й заставай, на Памежнай высьпе. Там цяпер музэй зрабілі, — расказвае суразмоўца.
На літоўска-польскай мяжы ў Аўгустове дакумэнты беларусаў забрала польская міграцыйная служба. Цяпер іх будуць зноў разглядаць адпаведныя органы. У Варшаве сям’я Тупоўскіх жыве на грошы, якія адклалі за год жыцьця і працы ў Літве. У гэтым запасе і ахвяраваньні, сабраныя летась з дапамогай BySol на лячэньне жонкі.
«Тады сабралі больш за 800 эўра; гэта ня ўся сума, патрэбная на лячэньне, але і яна прыдасца. Мы вельмі ўдзячныя ўсім добрым людзям, хто нам дапамог і дапамагае», — кажа Андрэй Тупоўскі.
Літва дзейнічала ў межах Дублінскай канвэнцыі
У Дэпартамэнце міграцыі Літвы Свабодзе патлумачылі, што індывідуальных выпадкаў адмовы ў атрыманьні прытулку яны не камэнтуюць і спаслаліся на 88-ы артыкул «Закону аб легальным статусе іншаземных грамадзянаў». Паводле зьвестак Дэпартамэнту, у 2023 годзе Літва адмовіла ў атрыманьні міжнароднай абароны 149 іншаземным заяўнікам.
Як мяркуе кіраўнік адвакацкага бюро Legal status Алесь Міхалевіч, які спэцыялізуецца на дапамозе беларускім уцекачам, улады Літвы ў справе Андрэя Тупоўскага і ягонай сям’і дзейнічалі ў межах Дублінскай канвэнцыі.
«Паводле яе Літва мае права разглядаць хадайніцтвы аб прытулку ад асобаў, якія заехалі ў краіну па візах іншых краін, але не абавязана прымаць канчатковае рашэньне. Візы ў іх былі польскія, значыць, цалкам законна іх накіравалі ў Польшчу », — мяркуе Алесь Міхалевіч.
Каб пазьбегнуць страты часу і сіл, як адбылося зь сям’ёй Тупоўскіх, адвакат раіць адразу клапаціцца пра атрыманьне візы той краіны, дзе плянуеце спыніцца на жыхарства, і не затрымлівацца ў краіне, якая не выдавала вам гуманітарнай візы.
«Трэба было даехаць у краіну, віза якой ёсьць, і ўжо там падавацца на прытулак. Вось калі б гуманітарнай візы ўвогуле не было, тады заяву на прытулак мусіць разглядаць тая краіна, мяжу якой чалавек перасек і зьвярнуўся па дапамогу», — патлумачыў Міхалевіч.