Праваабаронцы зьвярнуліся да спэцдакладчыка аб Беларусі ў пытаньнях аб заахвочваньні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам, а таксама аб свабодзе асацыяцый.
У Крымінальны кодэкс Беларусі ў 2016 дадалі новы артыкул 361-2 «Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Пасьля падзеяў 2020 году паводле гэтага артыкулу ўлады пачалі актыўна заводзіць палітычна матываваныя справы. Пакараньне прадугледжвае пазбаўленьне ці абмежаваньне волі ад 3 да 5 гадоў са штрафам ці безь яго.
Праваабаронцы адзначаюць, што рашэньне аб прызнаньні групы людзей экстрэмісцкай прымаецца Міністэрствам унутраных спраў (а не судовым органам) у закрытым рэжыме, што не дазваляе зацікаўленай асобе абараніць свае правы. Падобная практыка дазваляе адвольна прызнаваць непажаданых уладам людзей і арганізацый «экстрэмісцкімі».
Так, напрыклад, адбылося з фондам салідарнасці BySol, які дапамагае рэпрэсаваным беларусам. Фонд заснавалі ў жніўні 2020 году ў адказ на масавыя рэпрэсіі мірных пратэстоўцаў, і першапачаткова ён займаўся краўдфандынгам для аплаты штрафаў, якія прысуджалі за ўдзел у акцыях пратэсту.
3 сьнежня 2021 году МУС прызнала фонд «экстрэмісцкай арганізацыяй». Але беларусаў затрымлівалі і выклікалі ў КДБ за данаты праз Facebook у фонд, калі ён яшчэ ня быў прызнаны «экстрэмісцкім». Звычайна супрацоўнікі КДБ прымушаюць затрыманых напісаць прызнаньне аб пералічэньні грошай у фонд BySol, а затым пералічыць «на дабрачыннасьць», на рахунак дзяржаўнай установы суму, якая часам у дзясяткі разоў перавышае ахвяраваньне. У адваротным выпадку пагражаюць завесьці крымінальную справу аб фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці.
Таксама пад крымінальны перасьлед трапляюць і актывісты арганізацый, якія выкарыстоўваюць данаты на падтрымку рэпрэсаваных пратэстоўцаў.
Усяго на гэты момант «Вясьне» вядома пра 47 чалавек пад вартай, зь іх 30 асудзілі паводле арт. 361-2 КК за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Як кажа юрыст «Вясны» Святлана Галаўнёва, існуючая практыка крымінальнай адказнасьці за донаты ex post facto мае сур’ёзныя наступствы, якія выходзяць за ўласна прававыя межы.
«Гэтая практыка падрывае прадказальнасьць прававой базы і прыводзіць да парушэньня шэрагу найважнейшых працэсуальных правоў людзей, якіх абвінавачваюць пры такіх абставінах.
Парушаецца фундамэнтальны прынцып, паводле якога людзі павінны мець дакладнае і прадказальнае веданьне прававых наступстваў сваіх дзеяньняў. У выніку людзі, якія абвінавачваюцца ў правапарушэньнях, зьвязаных зь фінансаваньнем арганізацый грамадзянскай супольнасьці, пазбаўленыя сумленнага і справядлівага судовага разбору».
Страх перасьледу за данаты стрымлівае людзей ад сьвядомага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, у адстойваньні правоў чалавека, сацыяльнай справядлівасьці і дэмакратычных каштоўнасьцяў, кажа Сьвятлана Галаўнёва.
Праваабаронца зьвяртае ўвагу на двайны ўплыў практыкі перасьледу за донаты на грамадзянскую супольнасьць.
«Па-першае, гэта абмяжоўвае магчымасьці краўдфандынгу для арганізацый грамадзянскай супольнасьці, перашкаджаючы іх здольнасьці мабілізоўваць рэсурсы для карыснай грамадзкай дзейнасьці.
Па-другое, такія адносіны душаць гарызантальны ўдзел, адбіваючы ў грамадзян жаданьне актыўна ўдзельнічаць у справах, у якія яны вераць. Атмасфэра асьцярожнасьці падрывае асновы адкрытага таварыства, заснаванага на ўдзеле».
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.