Некаторыя краіны ЭЗ разглядаюць магчымасьць пазбавіць Вугоршчыну права голасу, задзейнічаючы сёмы артыкул дагавора аб Эўрапейскім зьвязе 2007 году — ён дазваляе забраць права голасу ў сувязі з парушэньнем эўрапейскага заканадаўства.
Пра гэта паведамляе газэта Financial Times са спасылкай на сваю крыніцу.
Пры гэтым такую магчымасьць можа заблякаваць адна з краін Эўразьвязу, аднак у Вугоршчыне «не засталося гарантаванага саюзьніка» з прычыны выбараў у Польшчы, адзначаюць журналісты Financial Times.
У мінулую пятніцу прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан паведаміў, што краіна заблякавала выдзяленьне эканамічнай дапамогі ў памеры 50 млрд эўра на наступныя чатыры гады для Ўкраіны.
Раней Вугоршчына накладала вэта на выдзяленьне дапамогі Ўкраіне. Орбан заяўляў, што Вугоршчына гатова зьняць вэта ў абмен на размарожваньне ў ЭЗ сродкаў падтрымкі для Будапешта. Гэтыя грошы былі замарожаныя за праблемы з карупцыяй у краіне.