Адно з найбуйнейшых расейскіх выдавецтваў АСТ заявіла аб рашэньні прыпыніць выпуск і распаўсюджваньне кніг Барыса Акуніна і Дзьмітрыя Быкава. Пра гэта гаворыцца ў заяве выдавецтва.
«Публічныя заявы пісьменьнікаў, якія выклікалі шырокі грамадзкі рэзананс, патрабуюць прававой ацэнкі. Да праясьненьня сытуацыі выпуск і адгрузкі кніг адноўлены ня будуць», — заявіў генэральны дырэктар АСТ Павал Грышкоў. Пры гэтым ён не ўдакладніў, пра якія менавіта заявы ідзе гаворка.
Аб’яднаная раздробная сетка кнігарняў «Читай-горад — Буквоед» таксама прыпыніла продаж кніг Акуніна і Быкава, як гаворыцца ў паведамленьні, з прычыны «нядаўніх выказваньняў пісьменьнікаў, якія атрымалі шырокую агалоску ў СМІ».
Тэлеграм-канал «Осторожно, новости» піша, што прадаваць кнігі двух пісьменьнікаў ня будзе таксама сэрвіс лічбавых кніг «Літрэс».
Днём раней дэпутат Дзярждумы Расеі Андрэй Гурулёў заявіў, што Акуніна трэба «зьнішчыць» за яго словы аб расейскіх вайскоўцаў.
«Хто такі Акунін? Вораг! І мы ўжо пра гэта казалі, што вораг павінен быць зьнішчаны. Я ня ведаю, калі мы да гэтага прыйдзем, што незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца, — тут, за мяжой, яшчэ недзе. Чалавек, які жадае паразы сваёй краіне па поўнай праграме, які жадае забойства рускага чалавека, ён павінен быць зьнішчаны», — заявіў дэпутат.
У кастрычніку гэтага года з афіш расейскіх тэатраў, у якіх ішлі спэктаклі паводле Акуніна, прыбралі імя аўтара. Кнігі Барыса Акуніна, Леаніда Парфёнава, Дзьмітрыя Быкава і шэрагу пісьменьнікаў, абвешчаных у Расеі «іншаземнымі агентамі», раней забаранілі ставіць на бачнае месца ў Маскоўскім доме кнігі.
Акунін (Рыгор Чхартышвілі) і Дзьмітрый Быкаў жывуць за мяжой і актыўна выступаюць супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пад «публічнымі заявамі», па ўсёй верагоднасьці, маюцца на ўвазе рэплікі Акуніна і Быкава аб вайне ў іх нядаўніх гутарках з пракрамлёўскімі пранкерамі Лексусам і Ваванам. Пранкеры размаўлялі з пісьменьнікамі, выдаючы сябе за ўкраінскіх чыноўнікаў.
У гутарках з імі Быкаў і Акунін пацьвердзілі сваю антываенную пазыцыю, выказалі падтрымку Ўкраіне і асудзілі расейскія ўлады. Шматлікія пракрамлёўскія СМІ і тэлеграм-каналы пасьля публікацыі фрагмэнтаў размоваў абвінавацілі пісьменьнікаў у «здрадзе». Быкаў напісаў у фэйсбуку аб размове: «Паўтарыў толькі тое, што кажу заўсёды».
Абодва пісьменьнікі з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну актыўна выступаюць супраць вайны. Акунін, у прыватнасьці, стаў сузаснавальнікам антываеннай арганізацыі «Сапраўдная Расея».