Пра здарэньне паведаміла 20 красавіка Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Паводле ведамства, агонь з тэрыторыі Ўкраіны перайшоў на лясны фонд Мілошавіцкага лясгасу (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласьці). Пацярпелі дзясяткі гектараў ляснога фонду — дакладную плошчу ачагу пажару яшчэ ўдакладняюць.
Пажар ліквідавалі сіламі 20 адзінак тэхнікі і 70 чалавек. Да тушэньня пажару прыцягвалі работнікаў Лельчыцкага, Ельскага, Калінкавіцкага, Мазырскага досьледнага лясгасу і Нараўлянскага спэцлясгасу, а таксама Лельчыцкага раённага аддзелу па надзвычайных сытуацыях.
У паведамленьні гаворыцца, што 19 красавіка ў Беларусі ліквідавалі 16 лясных пажараў, якія зафіксавалі ва ўсіх абласьцях краіны. Агульная плошча ачагоў перавысіла 35 га.
З пачатку 2025 году ў лясным фондзе Мінлясгасу здарылася 326 лясных пажараў на плошчы звыш 450 га. «Шэраг узгараньняў удалося перадухіліць, з прычыны таго, што работнікі лясной гаспадаркі таксама бралі на сябе тушэньне сельгаспалаў, спыняючы агонь на шляху да лесу», — падкрэсьлівае ведамства.
Паводле МНС, за дзень з 6-ай раніцы 20 красавіка па 6-ю 21 красавіка ў Беларусі ліквідавалі агулам 25 пажараў, у тым ліку 10 — у Гомельскай вобласьці.
19 красавіка тарфяны пажар на плошчы 14 гектараў лякалізавалі ў Петрыкаўскім раёне каля вёскі Малыя Сялюцічы. Для ліквідацыі надзвычайных здарэньняў прыцягваліся 14 адзінак тэхнікі і 39 чалавек, у тым ліку 10 адзінак тэхнікі і 35 работнікаў МНС.
Форум