З пачаткам вайны Расеі з Ўкраінай Беларусь стала перавалачнай базай для паставак люксавых эўрапейскіх аўтамабіляў у Расею, нягледзячы на байкот і санкцыі. Паводле расьсьледнікаў, у шэрых схемах бяруць удзел і бізнэсоўцы, якія маюць сувязі з рэжымам Лукашэнкі. Гэта паказала сумеснае расьсьледаваньне «Бюро» і расейскага выданьня «Вёрстка» пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў».
Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну шматлікія аўтамабільныя брэнды пакінулі расейскі рынак. Урады ЗША, ЭЗ і Вялікай Брытаніі ўвялі санкцыі на прадметы раскошы, забараніўшы пастаўкі ў Расею аўтамабіляў, даражэйшых за 50 тысяч эўра.
На Беларусь не распаўсюджваюцца заходнія санкцыі на аўтамабілі, таму шэраг беларускіх кампаніяў пастаўляюць прэміяльныя машыны ў Расею з дапамогай «паралельнага імпарту».
Падчас вайны пастаўкі аўта з ЭЗ у Беларусь вырасьлі ў чатыры разы — амаль да 1,5 мільярда эўра, а сёлета ўжо перавысілі 1,7 мільярда эўра. Асноўныя крыніцы — Нямеччына, Літва і Польшча. За дзевяць месяцаў 2023 году з гэтых краін у Беларусь вывезьлі амаль 60 тысяч машын.
У мытных дэклярацыях краінамі паходжаньня машын пазначаныя Нямеччына, ЗША, Вялікая Брытанія, Італія, Швэцыя, Аўстрыя, Ірляндыя, Бэльгія, а вытворцамі — заводы Mercedes-Benz, BMW, Audi, Lamborghini, Jaguar Land Rover, Volvo і іншыя.
Пастаўкамі прэміяльных аўта заходніх брэндаў зь Беларусі ў Расею займаюцца больш за 30 беларускіх кампаніяў.
Расьсьледнікі выбралі пяць экспартэраў, якія вылучаюцца з агульнай масы аб’ёмамі продажаў і сувязямі ўладальнікаў з уладамі Беларусі.