Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень стратэгічнага дыялёгу «Беларусь – ЗША»: нацыянальная ідэнтычнасьць, адукацыя, культура


Сьвятлана Ціханоўская падчас слуханьняў аб Беларусі ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, 5 сьнежня 2023
Сьвятлана Ціханоўская падчас слуханьняў аб Беларусі ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, 5 сьнежня 2023

У Вашынгтоне завяршылася адна з найбольш важных палітычных падзеяў сьнежня – трохдзённыя перамовы прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў з амэрыканскімі палітыкамі ў межах Стратэгічнага дыялёгу.

Трэці дзень быў прысьвечаны наступным тэмам:

  • падтрымка беларускай культуры, мовы і ідэнтычнасьці;
  • адукацыйныя магчымасьці для беларускай моладзі і бізнэсоўцаў;
  • дапамога беларусам за мяжой, у прыватнасьці беларусам ЗША.

Па завяршэньні Сьвятлана Ціханоўская выступіла ў Атлянтычнай Радзе і распавяла пра стварэньне працоўных груп, якія будуць займацца пытаньнямі вызваленьня палітвязьняў, змаганьнем з дэзынфармацыяй, падтрымкай грамадзянскай супольнасьці, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай. Паводле яе, стратэгічны дыялёг зробіць працу паміж дэмакратычнымі сіламі і ЗША больш скаардынаванай і эфэктыўнай.

«Мы павінны паказаць беларусам пазытыўную альтэрнатыву «рускаму сьвету» і будучыню, якую яны змогуць атрымаць пасьля краху рэжыму. Трэба паказаць беларусам, што падчас дэмакратычных зьменаў у краіне яны будуць мець падтрымку з боку магутных дэмакратычных саюзьнікаў, такіх як ЗША», – адзначыла Ціханоўская ў сваім выступе.

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG