Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандыцкі канал раскрытыкаваў практыку прызнаньня ў Беларусі СМІ экстрэмісцкімі


Пасьля ператрусу ў БАЖ, архіўнае фота
Пасьля ператрусу ў БАЖ, архіўнае фота

«Прызнаваць канал „Ж$$а с у$$ми“ экстрэмісцкай арганізацыяй — гэта эпік фэйл», заявіў праўладны тэлеграм-канал.

Выказваньне зьявілася ў прапагандысцкім тэлеграм-канале «Графач», яго таксама перапублікаваў на сваім тэлеграм-канале прадстаўнік дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Ігар Тур:

«Уся наша праславутая „зачыстка“ — адкладваньне праблем у доўгі мех і бомба запаволенага дзеяньня. Ну ок, закашмарылі людзей не падпісвацца на тэлеграм-каналы, і што? Чорт нагу зломіць у 800 старонках экстрэмісцкіх матэрыялаў і амаль 150 фармаваньнях! Прычым там ёсьць чаты па 2 чалавекі».

Тур прызнаў, што ва ўладзе гэты працэс ператварыўся ў спаборніцтва, хто больш прызнае.

«Прызнаваць канал „Ж$$а с у$$ми“ экстрэмісцкай арганізацыяй — гэта эпік-фэйл. З нашага МУС парагаталі найбуйнейшыя расейскія ТГ-каналы», — напісаў Тур, прызнаўшы, што на YouTube гэтыя забароны працуюць ня надта, гэта відаць зь сярэдняй колькасьці праглядаў незалежных СМІ ў параўнаньні з праўладнымі.

Цяпер у сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» 157 пазыцыяў, у тым ліку 20 СМІ:

  • інфармацыйная кампанія БелаПАН (№ 10, рашэньне аб уключэньні прынята 1 лістапада 2021 году),
  • тэлеканал «Белсат» (№ 12; 3 лістапада 2021),
  • Радыё Свабода (№ 24; 23 снежня 2021),
  • «Наша ніва» (№ 31; 14 студзеня 2022),
  • тэлеграм-канал «Бабруйск Online» (№ 38; 22 лютага 2022),
  • сайт «Флагшток» (№ 54; 29 красавіка 2022),
  • інтэрнэт-часопіс kyky.org (№ 56; 6 траўня 2022),
  • «Честная газета» (№ 59; 20 траўня 2022),
  • «Эўрарадыё» (№ 75; 20 ліпеня 2022),
  • сайт «Хартыя’97» (№ 84; 30 жніўня 2022),
  • сайт Hrodna.life (№ 99; 11 лістапада 2022),
  • самвыдат «Веснікі» (№ 107; 9 сьнежня 2022),
  • «Маланка Медыя» (№ 116; 15 лютага 2023),
  • «Брэсцкая газета» (№ 120, 28 лютага 2023),
  • сайт «MOST» (№ 128, 17 траўня 2023),
  • сайт homeldays.org («Штодзень Гомель», № 131, 23 траўня 2023),
  • тэлеграм-канал «Інсайдэр» (№ 132, 29 траўня 2023),
  • сайт zerkalo.io («Зеркало», № 135, 9 чэрвеня 2023),
  • тэлекампанія «Ранак», Сьветлагорск (№ 146, 5 верасьня 2023),
  • сайт ex-press.live, Барысаў (№ 156, 24 кастрычніка 2023).

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG