Прэзыдэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў Сьвятлану Ціханоўскую ў Рызе. Ён выказаў падтрымку дэмакратычным сілам ад імя Латвіі. Ціханоўская расказала пра хвалю рэпрэсіяў, ператрусаў і арыштаў, якая пракацілася па Беларусі, а таксама пра драматычную сытуацыю з палітвязьнямі, якіх трымаюць бяз сувязі з вонкавым сьветам цягам многіх месяцаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча, Марыю Калесьнікаву, Сяргея ЦІханоўскага.
Лідэры абмеркавалі новыя санкцыі супраць рэжыму, індывідуальныя і эканамічныя, і закрыцьцё «пралазаў» у цяперашнім рэжыме санкцыяў.
Бакі пагадзіліся, што ня можа быць ніякай дыскусіі пра зьмякчэньне санкцыяў пры той хвалі рэпрэсіяў, якая назіраецца апошнія месяцы, у тым ліку ператрусах у кватэрах чальцоў Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады і Народных амбасадаў.
Ціханоўская і Рынкевічс абмеркавалі візыт прэзыдэнта Латвіі ва Ўкраіну на мінулых выходных, у Чарнігаўскую вобласьць, якая мяжуе зь Беларусьсю. Ціханоўская падзякавала прэзыдэнту Латвіі за падтрымку Ўкраіны.
Ціханоўская сказала, што беларусы павінны бачыць альтэрнатыву «русскому миру», і заклікала Латвію падтрымаць эўрапейскія памкненьні беларусаў. Асобна абмеркавалі пытаньні новых беларускіх пашпартоў і легалізацыі беларусаў у Латвіі.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу са сьпікеркай латвійскага парлямэнту Дайгай Міерыняй і чальцамі парлямэнцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, у склад якой увайшлі 8 дэпутатаў з розных партыяў. Нядаўна намаганьнямі групы і дыяспары аўтамабілі зь беларускімі нумарамі выключылі з «чорнага сьпісу» транспартных сродкаў, якія ня могуць знаходзіцца на тэрыторыі Латвіі звыш пэўнага часавага ліміту.
Ціханоўская прапанавала, каб Саэйма прызнала КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія спансаруюць тэрарызм, — як гэта раней зрабіў чэскі Сэнат.
Ціханоўская расказала аб праекце новага беларускага пашпарту і папрасіла дэпутатаў падтрымаць гэтую ініцыятыву.
Дайга Міерыня прапанавала зладзіць у будынку парлямэнту выставу, прысьвечаную беларускім палітзьняволеным. Таксама дэпутаты запрасілі Ціханоўскую наведаць Латгалію, каб умацаваць сувязі з дыяспарай і зразумець яе патрэбы. Менавіта там жыве большасьць этнічных беларусаў Латвіі.
Акрамя таго, Сьвятлане Ціханоўскай, як паведамляе яе прэс-служба, у Рызе паказалі рэдкі асобнік статуту ВКЛ. А яна прэзэнтавала Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі кнігу беларускага пісьменьніка-гісторыка Ўладзімера Арлова.
У бібліятэцы палітык наведала выставу Вячкі Целеша, беларускага мастака і грамадзкага дзеяча Латвіі. Вячка Целеш асабіста правёў экскурсію для яе.
Акрамя Статуту ВКЛ, Ціханоўскай паказалі і кнігу «Апостал», выдадзеную ў 1592 годзе. Гэта толькі невялікая частка беларускай калекцыі бібліятэкі.
Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі латвійскай інтэлігенцыі і экспэртнай супольнасьці, у тым ліку арганізацыяў беларускай дыяспары Free Belarus Latvia, «Сьвітанак», «Суполка», Беларускай школы імя Янкі Купалы і музэяў Латвіі. Прадстаўніца школы імя Янкі Купалы запрасіла наведаць іх падчас наступнага візыту. У сустрэчы бралі ўдзел былы пасол Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і былы мэр Рыгі Мартыньш Стакіс, які ў 2020 годзе вывесіў над мэрыяй бел-чырвона-белы сьцяг, за што ўлады Беларусі завочна пачалі супраць яго крымінальную справу.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з мэрам Рыгі. Падчас сустрэчы Вілніc Кірсіс выказаў падтрымку беларусам Латвіі. Абмеркавалі арганізацыю культурных захадаў і беларускіх выставаў у Латвіі — як у гарадзкіх музэях, так і пад адкрытым небам, каб прыцягнуць увагу латвійскага грамадзтва да сытуацыі ў Беларусі.
Ужо 29 лістапада ў Рызе мае афіцыйна зьявіцца сквэр Францішка Скарыны.
Таксама палітыкі абмеркавалі магчымасьці вылучыць у Рызе памяшканьне для грамадзкай дзейнасьці беларускай дыяспары і актывістаў.