Дапамогу ў вэрыфікацыі беларускіх грамадзян, якія ўяжджаюць у Латвію на асабістых аўтамабілях, прапанавала дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ўладам Латвіі ў эфіры перадачы Rus.LSM.lv «ТЧК».
Ціханоўская зьвярнула ўвагу, што латвійскія ўлады пакуль не адмовіліся ўвесьці забарону на ўдзел у дарожным руху аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі, падкрэсьліўшы, што тэма абмяркоўваецца, а ў Рызе бачаць пагрозу нацыянальнай бясьпецы з боку Менску.
«Зразумела, што беларускі рэжым таксама ня сьпіць і можа адпраўляць сваіх людзей у Латвію. Але наша пазыцыя такая, што трэба ўсё ж такі разьмяжоўваць рэжым і беларусаў. Для многіх грамадзян Беларусі магчымасьць выезду за мяжу, магчымасьць атрыманьня латвійскай візы — гэта адзіны спосаб пазьбегнуць рэпрэсіяў. Адзіны спосаб ня сесьці на дзясяткі гадоў у турму за падтрымку ўкраінскай арміі, напрыклад», — прыводзіць словы палітыка агенцтва «Позірк».
Паводле яе, дэмакратычныя сілы працягнуць адстойваць інтарэсы беларусаў, бо «пад гэтыя забароны трапляюць актывісты, палітычна актыўныя людзі».
«Мы са свайго боку можам дапамагчы ў вэрыфікацыі людзей, якія ўяжджаюць альбо атрымліваюць візы. Але мы просім не абмяжоўваць выезд зь Беларусі людзей, якім немагчымасьць пакінуць краіну можа каштаваць жыцьця», — падкрэсьліла дэмакратычная лідэрка Беларусі.
За тры гады, дадала ён, дэмакратычныя сілы стварылі «сыстэму вэрыфікацыі людзей», якая можа «дапамагчы ўрадам і спэцыяльным органам у вэрыфікацыі кожнага, хто выяжджае». «Вядома, гэта ня значыць, што мы зможам адсекчы ўсіх „няправільных“, але прынамсі зьнізіць іх працэнт здольныя», — падкрэсьліла Ціханоўская, заклікаўшы эўрапейскіх партнэраў да супрацоўніцтва ў гэтым пытаньні.
Другога лістапада латвійская Саэйма прыняла папраўкі да закону аб дарожным руху, якія абавязваюць уладальнікаў аўтамабіляў з расейскімі нумарамі перарэгістравацца ў Латвіі не пазьней за 14 лютага 2024 года або вывезьці свой транспарт за межы краіны. У адваротным выпадку аўтамабілі будуць канфіскаваныя і перададзеныя Ўкраіне.
Першапачаткова абмежавальныя дзеяньні распрацаванага Мінюстам Латвіі законапраекту распаўсюджваліся і на транспарт зь беларускімі нумарамі, аднак парлямэнцкая камісія народнай гаспадаркі выключыла з дакумэнта адпаведныя палажэньні.
23 лістапада ў эфіры Латвійскага радыё міністарка юстыцыі Латвіі Інэсе Лібіня-Эгнэрэ заявіла, што Рыга працягне «шукаць шляхі» для таго, каб аўтамабілі зь беларускімі нумарамі не маглі ўдзельнічаць у дарожным руху краіны.
27 лістапада Ціханоўская падчас сустрэчы падзякавала прэм’ер-міністарцы Латвіі Эвіцы Сіліні за рашэньне Рыгі ня ўводзіць абавязку для ўладальнікаў транспартных сродкаў зь беларускімі нумарамі перарэгістраваць іх у Латвіі ці пакінуць тэрыторыю краіны.