У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца фота і відэа, на якіх Маск і Нэтаньягу ў бронекамізэльках аглядаюць наступствы нападу палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнаю ў ЗША і Эўразьвязе. Маск таксама паразмаўляў з сваякамі закладнікаў.
«Учынкі кажуць больш, чым словы», — напісаў Маск у сваім акаўнце ў X.
Bloomberg паведамляе, што ўрад Ізраілю вядзе з Маскам перамовы наконт выкарыстаньня сеткі спадарожнікавай сувязі Starlink вайскоўцамі. У кастрычніку мільярдэр заявіў, што можа даць спадарожнікі арганізацыям, якія аказваюць дапамогу ў сэктары Газа. Гэта выклікала крытыку ізраільскіх службоўцаў.
У адрас Маска нядаўна гучалі абвінавачаньні ў антысэмітызьме. Нагодай стаў допіс аднаго з карыстальнікаў X, у якім гаварылася, што габрэйскія супольнасьці культывуюць да «белых людзей» такую ж нянавісьць, якую патрабуюць спыніць да сябе. Маск пагадзіўся з выказваньнем. Пасьля гэтага супрацоўніцтва з X прыпынілі буйныя рэкламадаўцы — Apple, Walt Disney, IBM, Sony Pictures і іншыя. У адказ Маск паабяцаў накіраваць частку даходаў X на гуманітарную дапамогу Ізраілю і Газе.