Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Новай Зэляндыі адбыўся вялікі марш пратэсту карэннага насельніцтва


Пратэст маоры ў Вэлінгтане
Пратэст маоры ў Вэлінгтане

У сталіцы краіны дзясяткі тысяч прадстаўнікоў карэннага насельніцтва краіны — народу маоры — пратэставалі супраць спробы кансэрватараў пераасэнсаваць асноватворную дамову, на якой збудаваная дзяржава.

Больш за 35 тысяч дэманстрантаў прайшлі вуліцамі Вэлінгтану, шэсьце рухалася да парлямэнту. Мужчыны, апранутыя ў традыцыйныя плашчы зь пёраў, далучыліся да вершнікаў, якія размахвалі чырвона-бела-чорным сьцягам маоры. Многія ўдзельнікі трымалі ў руках цырыманіяльную драўляную зброю, піша AFP.

Пратэсты адбыліся пасьля таго, як невялікая партыя ў кансэрватыўным кааліцыйным урадзе распрацавала законапраект аб пераглядзе Дамовы Вайтангі 1840 году.

Нягледзячы на тое, што ў законапраекту практычна няма шанцаў на прыняцьце, сам факт яго ўнясеньня на разгляд выклікаў адзін з найбуйнейшых пратэстаў у Новай Зэляндыі за апошнія дзесяцігодзьдзі. Пасьля таго, як ён быў прадстаўлены для дэбатаў у парлямэнце на мінулым тыдні, 22-гадовая дэпутатка ад Партыі маоры Хана-Раўхіці Майпі-Кларк разарвала законапраект за трыбунай і пачала танцаваць традыцыйны танец маоры — «хаку».

Многія дэманстранты прыбылі ў Вэлінгтан пасьля дзевяцідзённага «хікоі» — маршу пратэсту — які пачаўся за сотні кілямэтраў на паўночным ускрайку Новай Зэляндыі.

Асноўны аб’ект пратэсту — міністар з ураду Дэвід Сэймур, лідэр лібэртарыянскай партыі ACT — другараднага партнэра ва ўрадавай кааліцыі. Сэймур даўно выступаў супраць палітыкі пазытыўных дзеяньняў, закліканай дапамагчы маоры, якія па-ранейшаму значна часьцей паміраюць рана, жывуць у галечы або апынаюцца ў турме. Ягоны законапраект прадугледжвае скасаваньне так званых «асаблівых правоў».

Дзейны прэм’ер-міністар Крыстафэр Луксан выказаў сваю апазыцыю законапраекту Сэймура, што азначае, што ён амаль асуджаны на правал, калі справа дойдзе да галасаваньня ў парлямэнце.

Але былая кансэрватыўная прэм’ер-міністарка краіны Джэні Шыплі заявіла, што само апублікаваньне законапраекту пагражае «падзелам Новай Зэляндыі такім чынам, якога я не перажывала ў сваім дарослым жыцьці».

Дамова Вайтангі лічыцца асноватворчым дакумэнтам краіны. Яе падпісалі ў 1840 годзе, каб замацаваць мір паміж 540 правадырамі маоры і брытанскімі калянізатарскімі войскамі. Яго прынцыпы і сёньня ляжаць у аснове намаганьняў па разьвіцьці партнэрства паміж карэннымі і некарэннымі жыхарамі Новай Зэляндыі і абароне інтарэсаў супольнасьці маоры.

Гадавіна падпісаньня дамовы 6 лютага ёсьць нацыянальным сьвятам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG