Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ByPol заявілі, што прайшлі аўдыт і ён ня выявіў злоўжываньняў у арганізацыі. У BelPol адрэагавалі

абноўлена

Станіслаў Лупаносаў
Станіслаў Лупаносаў

Паводле прадстаўніка ByPol Станіслава Лупаносава, грошы, якія траплялі ў арганізацыю, выдаткоўваліся «у адпаведнасьці з заканадаўствам і патрабаваньнямі грантадаўцаў».

Усіх супрацоўнікаў арганізацыі праверылі на паліграфе «у аднаго з самых вядомых і найбольш аўтарытэтных расейскамоўных паліграфолягаў», а «ўсе запазычанасьці перад былымі супрацоўнікамі былі выплачаныя», заявіў Станіслаў Лупаносаў у відэа, апублікаваным на YouTube-канале ByPol.

Ён таксама паведаміў, што пасьля праверкі арганізацыя «атрымала фінансаваньне».

Кампанію-аўдытар, зазначыў Лупаносаў, узгаднілі ўсе бакі ў прысутнасьці Франака Вячоркі і Сьвятланы Ціханоўскай».

Сайт «Люстэрка» зьвярнуўся па камэнтар да Ўладзіміра Жыгара, экс-супрацоўніка ByPol, які з іншай часткай каманды, якая адкалолася ад арганізацыі, стварыў альтэрнатыўнае аб'яднаньне былых сілавікоў BelPol.

Паводле яго, праведзены аўдыт ня здольны выявіць і вырашыць той шэраг пытаньняў, якія ўзьніклі да кіраўніцтва ByPol у чэрвені 2023 году. Ёсьць таксама прэтэнзіі да таго, за які пэрыяд часу была праведзеная праверка.

«Нас цікавіў не фінансавы, а грамадзянскі аўдыт, — кажа Жыгар. — Было важна даведацца ня тое, ці ёсьць доказы тратаў тых ці іншых сродкаў, а ці маюцца абгрунтаваньні мэтазгоднасьці гэтых тратаў. Пераважная большасьць нашых пытаньняў датычылася 2023 году».

Канфлікт у ByPol

8 чэрвеня ў ByPol здарыўся скандал, калі прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў заявіў аб тым, што сацсеткі арганізацыі былі захопленыя. Зрабіў гэта, паводле Азарава, работнік ByPol Мацьвей Купрэйчык.

Ён быў сярод некалькіх работнікаў, якія нібыта адмовіліся праходзіць паліграф і таму іх звольнілі. У сваю чаргу, у самім тэлеграм-канале ByPol апублікавалі допіс, што Аляксандар Азараў ня ёсьць і ніколі ня быў заснавальнікам або кіраўніком ByPol.

На пачатку ліпеня частка актыву арганізацыі афіцыйна паведаміла пра аднаўленьне працы пад новым брэндам. Яны заявілі, што намагаліся «захаваць калектыў прафэсіяналаў» і паведамілі, што ўзялі новую назву арганізацыі, BelPol. Да іх далучыўся і Андрэй Астаповіч, які ў 2020 годзе быў адным са стваральнікаў ByPol.

У выніку канфлікту была створаная арганізацыя BelPol, а Азараў страціў пасаду ў Аб’яднаным пераходным кабінэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG