Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку году ў Беларусі канфіскавалі больш за 100 маршрутак у «нядобрасумленных» перавозчыкаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Транспартная інспэкцыя Мінтрансу за 10 месяцаў 2023 году правяла «каля 820 кантрольных закупак». Па выніках выявілі больш за тысячу парушэньняў і канфіскавалі 185 аўтамабіляў.

«Выяўлена 1234 парушэньні, канфіскавана 185 аўтамабіляў (у тым ліку 109 мікрааўтобусаў, 75 легкавых машын і адзін аўтобус)», — расказалі ў Мінтрансе.

У ведамстве адзначаюць, што праверкі праводзяць цяпер рэгулярна «з мэтай гарантаваньня бясьпекі пасажырскіх перавозак», у тым ліку практыкуюць «новыя мэтады кантролю — кантрольная закупка і адабраньне транспартных сродкаў у нядобрасумленных перавозчыкаў».

Як раней тлумачылі ў Мінтрансе, падчас рэйдаў інспэктары правяраюць у маршрутчыкаў наяўнасьць допуску да ўдзелу ў дарожным руху, дакумэнтаў, якія дазваляюць ажыцьцяўляць паслугі перавозкі пасажыраў, захаваньне хуткаснага рэжыму, наяўнасьць білетаў ва ўсіх пасажыраў, выяўляюць факты павелічэньня колькасьці пасадачных месцаў, не прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіля, і інш.

  • Узмоцненыя праверкі ў сфэры аўтаперавозак у Беларусі пачаліся пасьля ДТЗ з удзелам маршруткі пад Смалявічамі 20 лютага 2023 году, у якім загінулі 13 чалавек. З красавіка Транспартная інспэкцыя пачала больш актыўна прымяняць часовае адбіраньне транспарту.
  • Пасьля шэрагу праверак на пачатку сакавіка Юры Касьцюк заявіў, што пакуль павысіць узровень бясьпекі пасажырскіх перавозак спрабуюць з дапамогай прафіляктычных рэйдаў і штрафаў, але з улікам цяжкасьці ўчыненьня парушэньняў могуць нават адабраць аўтамабіль, бо «ня ўсе рэагуюць на штрафы».
  • 14 красавіка прадстаўнік Мінтрансу паведаміў пра першы выпадак канфіскацыі маршруткі за ажыцьцяўленьне незаконнай дзейнасьці па перавозцы пасажыраў.

Цяпер рыхтуецца да прыняцьця праект указу аб аўтамабільных перавозках пасажыраў, які можа істотна зьмяніць рынак таксі і маршрутак у Беларусі. Сярод іншага, згодна з указам

  • створаць дзяржаўны рэестар перавозак пасажыраў,
  • перавозчыкаў і дыспэтчараў змусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах,
  • дыспэтчараў прымусяць адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.
  • у кожным аўтамабілі ўсталююць камэры відэаназіраньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG