Фонд салідарнасьці BySol запусьціў калядны збор «Падорым дзецям цуд!» для дзяцей, чые бацькі знаходзяцца ў зьняволеньні з палітычных матываў.
«У многіх беларускіх дзяцей нехта з бацькоў (а часам і абое) у гэты час знаходзіцца ў зьняволеньні па палітычных матывах. Многія сем’і вымушаныя сустракаць навагоднія сьвяты ў чужой краіне, у расстаньні, ня маючы магчымасьці зрабіць традыцыйныя падарункі родным», — гаворыцца на старонцы збору.
Для атрыманьня дапамогі сваякі палітвязьняў ці самі палітвязьні, якія ўжо выйшлі на волю, могуць запоўніць заяўку да 9 сьнежня 2023 году ўключна. На падарунак кожнаму дзіцяці маюць намер выплаціць 100 эўра.
Заяўленая сума збору — 20 тысяч эўра. На момант публікацыі матэрыялу было сабрана больш за 1300 эўра.
- На пачатку лютага фонд «Страна для жизни» разам з ініцыятывамі Dissidentby, Littouwin Lions club, Politzek.me, Народнымі амбасадамі Беларусі ды Аб’яднаньнем беларусаў у Амэрыцы запусьцілі дабрачынны праект «Калядная пошта». У межах яго дзеці палітвязьняў, у тым ліку былых, могуць напісаць у лісьце пра падарунак, які хацелі б знайсьці пад навагодняй ялінкай, а беларусы з усяго сьвету — падарыць дзіцяці тое, пра што яно так марыла».
- Па стане на 23 лістапада ў Беларусі 1452 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю (паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай). Акрамя таго, па стане на канец кастрычніка яшчэ каля 1300 палітвязьняў з 2020 году ўжо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьмяненьнем меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, або ў сувязі з памілаваньнем.