Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў саміт АДКБ: без Пашыньяна, але з Пуціным

абноўлена

Сьцягі краін, якія ўваходзяць у АДКБ. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі краін, якія ўваходзяць у АДКБ. Ілюстрацыйнае фота

На саміце АДКБ, паводле афіцыйнай інфармацыі, абмяркоўвалі «актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі».

У Менску ў Палацы незалежнасьці прайшоў саміт Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). У ім узялі ўдзел Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў, лідэр Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон. Апошнім у беларускую сталіцу прыляцеў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Перад сустрэчай на найвышэйшым узроўні міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік прызнаў праблему кворуму для рашэньняў, але заявіў журналістам, што, нягледзячы на адсутнасьць дэлегацыі Армэніі, ухваленыя рашэньні будуць легітымнымі.

«У мяне была тэлефонная размова з маім армянскім калегам Араратам Мірзаянам. Мы абмеркавалі ў тым ліку гэтыя пытаньні і мэханізмы ўхваленьня рашэньняў. Усе рашэньні, якія будуць сёньня ўхваленыя, яны абсалютна легітымныя», — заявіў Сяргей Алейнік.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, беларускі міністар сказаў, што згодна з правіламі і працэдурамі АДКБ усе рашэньні прымаюцца па ўзгадненьні з усімі краінамі.

«Мы дамовіліся, што па выніках саміту генэральны сакратар АДКБ наведае Ерэван. І, натуральна, мы ўсе рашэньні, якія праходзілі канчатковую дапрацоўку тут у рамках пагаджальнай камісіі, перадамо нашым армянскім партнэрам. І будзем разьлічваць, што яны далучацца да нас», — патлумачыў ён.

На саміце абмеркавалі «актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі, вызначэньне новых задач, а таксама ўхваленьне шэрагу дакумэнтаў, накіраваных на забесьпячэньне інтарэсаў калектыўнай бясьпекі».

Кіраўнікі пяці краін падсумавалі старшынства Беларусі ў арганізацыі і заслухалі інфармацыю аб прыярытэтных кірунках дзейнасьці ў часе старшынства Казахстану ў 2024 годзе.

Аляксандар Лукашэнка на саміце АДКБ па выніках перамоваў у вузкім складзе абвінаваціў Армэнію ў дэмаршы без прычын.

«Мы таксама, ня будзем гэта хаваць, абмяркоўвалі сытуацыю на Каўказе і некаторую незадаволенасьць аднаго з чальцоў Савету калектыўнай бясьпекі. Мы дайшлі да адзінай высновы, што праблемныя пытаньні, яны заўсёды былі і будуць. Калі мы іх маем намер вырашаць, то іх трэба вырашаць за сталом перамоваў, а не рабіць дэмаршы без прычыны, бяз пэўных прычын. Мы выказалі пэўнае меркаваньне і пажаданьне, што ў Піцеры ў асноўным усё ж эканамічнае мерапрыемства, мы ўбачым нашых армянскіх сяброў», — заявіў Лукашэнка.

Удзельнікі саміту прынялі рашэньні па шэрагу кадравых пытаньняў. Так, на пасаду начальніка Аб'яднанага штабу АДКБ зацьвердзілі прадстаўніка Расеі генэрал-палкоўніка Андрэя Сердзюкова. Таксама прынята рашэньне аб разьмеркаваньні квотных пасадаў у Арганізацыі на наступныя тры гады.

Вырашана, што старшынства ў АДКБ пераходзіць ад Беларусі да Казахстану з 1 студзеня 2024 году.

Па выніках саміту ў Менску лідэры краін АДКБ падпісалі пакет з 15 дакумэнтаў. Сярод іншага:

  • падпісалі дэклярацыю Савету калектыўнай бясьпекі АДКБ,
  • прынялі рашэньне аб мерах па разьвіцьці сыстэмы крызіснага рэагаваньня АДКБ,
  • зацьвердзілі ў новай рэдакцыі палажэньне аб парадку рэагаваньня АДКБ на крызісныя сытуацыі і аб парадку прыняцьця і рэалізацыі калектыўных рашэньняў на прымяненьне сіл і сродкаў сыстэмы калектыўнай бясьпекі АДКБ,
  • зацьвердзілі Палажэньне аб аб'яднаным прэс-цэнтры АДКБ.

Таксама кіраўнікі дзяржаў разгледзелі пытаньні, якія тычацца ўмацаваньня і разьвіцьця ваеннага супрацоўніцтва АДКБ і бюджэту арганізацыі.

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — вайскова-палітычны блёк. У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG