Палата прадстаўнікоў 22 лістапада ў першым чытаньні прыняла праект зьмяненьняў у закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» і Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паведаміла прэс-служба ведамства.
У ім, сярод іншага, удакладняецца, што юрыдычныя і фізычныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, абавязаны інфармаваць органы ўнутраных спраў аб здачы памяшканьняў для пражываньня іншаземцам, якія часова знаходзяцца ў Беларусі. За неінфармаваньне органаў унутраных спраў, паводле зьменаў у закон, прадугледзелі адміністрацыйную адказнасьць паводле ч. 6 арт. 24.35 КаАП.
У праекце зьменаў у закон канкрэтызуецца пералік гэтых памяшканьняў (жылыя памяшканьні, жылыя пакоі ў аграэкасядзібах, садовыя домікі, лецішчы, шматфункцыянальныя памяшканьні — бізнэс-апартамэнты, сродкі разьмяшчэньня), а таксама пералік формаў дамоваў, на падставе якіх такія памяшканьні могуць здаваць іншаземцам для пражываньня (дамова найму жылога памяшканьня, дамова на аказаньне паслуг у сфэры аграэкатурызму, дамова арэнды і дамова платнага аказаньня паслуг).
Прыняцьце праекту закону, паводле Палаты прадстаўнікоў, дасьць магчымасьць «адаптаваць нормы закону і КаАП да сучасных рэалій» і «павысіць узровень інфармаваньня дзяржаўных органаў» і своечасовасьць паступленьня зьвестак як пра людзей, якія здаюць жылыя памяшканьні іншаземцам, так і пра саміх іншаземцаў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, у тым ліку тых, каму ў адпаведнасьці з заканадаўствам ня трэба рэгістравацца на тэрыторыі краіны.