Эстонія ня будзе ісьці за прыкладам суседніх Літвы і Латвіі, якія маюць намер высылаць грамадзян Расеі і Беларусі, якіх прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» і якія не здалі экзамэны на веданьне нацыянальных моў. Пра гэта піша ERR са спасылкай на кіраўніка МУС Эстоніі Лаўры Ляанэмэтса.
«Мы не абмяркоўвалі гэтую прапанову ў сьвятле таго, каб рабіць нейкія анкеты. Насамрэч гэта не дае рэальнай карціны тых людзей, якія могуць станавіць небясьпеку. Гэтыя людзі вельмі добра ўмеюць хлусіць і адказваць так, як мы хочам пачуць ці ўбачыць у анкеце», — заявіў Ляанэмэтс.
Па словах кіраўніка МУС Эстоніі, веданьне эстонскай мовы ацэньваецца ўжо пры працягу віду на жыхарства для грамадзян РФ і Беларусі, якія жывуць у краіне. Выключэньні, як адзначыў міністар, распаўсюджваюцца на пажылых людзей і на дзяцей, якія вучацца ў эстонскай школе.
Улады Эстоніі таксама не плянуюць ніякіх зьменаў у патрабаваньнях да веданьня нацыянальнай мовы. «Прарасейскіх асоб, якія становяць пагрозу бясьпецы, будзе знаходзіць Паліцыя бясьпекі», — падкрэсьліў Ляанэмэтс.
Сёлета па стане на 6 жніўня адмову ад выдачы эстонскага дазволу на жыхарства атрымалі 55 грамадзян Расеі і 17 — Беларусі. Прычым, як удакладніла выданьне ERR, за гэты час толькі аднаму расейцу, прызнанаму ўладамі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», адмовілі ў падаўжэньні дазволу на жыхарства. Ім стаў кіраўнік арганізацыі «Расейскія суайчыньнікі ў Эўропе» і арганізатар акцый «Несьмяротны полк» Сяргей Чаулін.
- Паводле дадзеных перапісу 2021 году, у Эстоніі жылі больш за 11 з паловай тысяч беларусаў.
- Па стане на 1 жніўня 2023 году ў Эстоніі жылі амаль 85 000 грамадзян Расеі.
- У траўні 2023 году ўрад Эстоніі ўхваліў выключэньне з санкцыйнага рэжыму, у адпаведнасьці зь якім студэнты, лекары і вучоныя зь Беларусі і Расеі, якія прыбылі ў краіну да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, могуць падаць дакумэнты на атрыманьне новага дазволу на жыхарства.
- Выключэньне ў санкцыйным рэжыме тычыцца тых людзей, якія здалі ўсе неабходныя іспыты па эстонскай мове або прайшлі эстонамоўную вучэбную праграму і валодаюць эстонскай мовай як мінімум на ўзроўні B2. У той жа час на акадэмічных працаўнікоў патрабаваньне валодаць мовай не распаўсюджваецца.
- Раней стала вядома, што ў Літве 1164 грамадзяніны РФ і Беларусі былі прызнаныя асобамі, якія становяць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, і на гэтай падставе ім ня выдалі дазволы на жыхарства або нацыянальныя візы.
- 4 жніўня літоўская міграцыйная служба заявіла, што з канца лістапада 2022-га Літва прызнала 910 беларусаў асобамі, якія становяць пагрозу для яе нацыянальнай бясьпекі.
- У верасьні 2023 году шасьці тысячам грамадзян Расеі, якія знаходзяцца ў Латвіі, прыйдуць лісты ад Управаў па справах грамадзянства і міграцыі (PMLP) з просьбай пакінуць краіну. Размова ідзе аб грамадзянах Расеі, якія не падалі хадайніцтвы для атрыманьня латвійскага ВНЖ і не зарэгістраваліся для ўдзелу ў дзяржаўным экзамэне па латыскай мове. У МУС Латвіі інфармацыю аб рассылцы лістоў расейцам пацьвердзілі.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўлады Латвіі, Літвы і Эстоніі ўзмацнілі жорсткасьць умоваў знаходжаньня для грамадзян РФ і Беларусі. Сярод патрабаваньняў для тых, хто мае намер атрымаць часовы або сталы дазвол на жыхарства або грамадзянства гэтых краін, — веданьне нацыянальных моваў і нязгода з расейскай агрэсіяй ва Ўкраіне.