Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: «Чытае між радкоў і ўсё разумее». Навошта Аўтуховіч у вязьніцы выпісвае «СБ — Беларусь сегодня»


Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота 2016 году
Мікалай Аўтуховіч, архіўнае фота 2016 году

Асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня палітвязень адбывае пакараньне ў камэры-адзіночцы.

Неўзабаве будзе тры гады, як апынуўся за кратамі былы прадпрымальнік і праваабаронца з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Яго абвінавацілі ў здрадзе радзіме ды падрыхтоўцы тэракту і прысудзілі 25 гадоў зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму. Палову з гэтых трох ужо амаль адбытых гадоў Мікалай Аўтуховіч правёў у турме № 1 у Горадні.

«Яго выводзяць на прамэнады, але калі дождж і холадна, дык можа прамэнад прапусьціць, каб не прастудзіцца і не захварэць. Скардзіцца на частыя болі ў суставах і на тое, што ўпаў зрок. Яшчэ кажа пра трывалы звон у вушах.

Мэдычная бандэроль яму дазволеная раз на тры месяцы, але ня ўсе лекі прапускаюць. Вунь з апошняй мэдычнай бандэролі ад сваякоў не прапусьцілі тэрафлю, ібупрафэн і парацэтамол. Як сам мяркуе, гэтыя лекі яму не перадалі таму, што іх хапае ў мэдчастцы — гэтак яму кажуць. А як насамрэч, ня ведаем», — расказала сваячка Мікалая Аўтуховіча, якая жыве ў Польшчы.

Колькі часу Мікалая Аўтуховіча трымаюць у адзіночцы, сваякам невядома. Яны кажуць, што псыхалягічнае здароўе палітвязень падтрымлівае праз рэгулярныя заняткі ангельскай мовай і чытаньне літаратуры. У тым ліку выпісвае некалькі газэт. Сваячка ўпэўнена называе адну зь іх — дзяржаўную газэту «СБ — Беларусь сегодня».

«Прыкладам, выпісвае „СБ“ і яшчэ нейкія газэты. Казаў, што цяжкае „чціва“, але навучыўся чытаць паміж радкоў і разумець, што насамрэч адбываецца».

Атрымліваць харчовыя перадачы і звычайныя бандэролі асуджанаму на строгі рэжым утрыманьня не дазволена, маж тым адзін з галоўных складнікаў захаваньня здароўя за кратамі — гэта харчаваньне. Паводле сваячкі Мікалая Аўтуховіча, яму ўдаецца дадаваць да турэмнага рацыёну тое, што набывае ў турэмнай краме, але асартымэнт там невялікі.

«У яго для атаварваньня ў краме ўсяго адна базавая велічыня — гэта толькі 37 рублёў на месяц. Але бывае, што і ня купіш таго, што хочацца. Расказаў, што не хапае зеляніны, нават яблык не было. Нядаўна зьявілася цыбуля, дык набыў яе больш. Просіць у будучай бандэролі даслаць вітамінаў. Робіць практыкаваньні для вачэй, але патрэбныя і вітаміны», — расказала сваячка Мікалая Аўтуховіча.

Сваякі мяркуюць, што затрымалі Мікалая Аўтуховіча 1 сьнежня 2020 году. Між тым афіцыйныя зьвесткі пра арышт зьявіліся на тыдзень пазьней. Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньні па 10 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сваёй віны былы прадпрымальнік не прызнаў. Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітзьняволеным.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG