Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятар, украінскія спэцслужбы, ракеты ЗША, майткі і купа г... 10 фактаў пра суд у «справе Аўтуховіча»


17 кастрычніка чакаецца прысуд у гучнай «справе Аўтуховіча». Што пра яе трэба ведаць.

1. Фігуранты

У справе 12 фігурантаў, яшчэ адзін — Артур Папок — у вышуку.

Сярод гэтых дванаццаці тры пэнсіянэркі: Ірына Мельхер, Галіна Дзербыш, Любоў Разановіч. Яшчэ двое перадпэнсійнага ўзросту: Уладзімеру Гундару 60 гадоў, Міколу Аўтуховічу — 59.

Чацьвёра маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. У Дзербыш інваліднасьць пасьля аварыі, анкалёгія, праблемы з сэрцам. У Гундара няма нагі. У Сяргея Разановіча цукровы дыябэт. У Аўтуховіча пачалі разбурацца ныркі пасьля апошняй галадоўкі.

Адзін з абвінавачаных — праваслаўны сьвятар. Айцец Сяргей Разановіч служыў у вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. На лаве падсудных ён аказаўся, відаць, таму, што іхняя сям’я пусьціла да сябе Аўтуховіча пажыць.

У справе ёсьць і адзін былы сілавік. Гэта Павал Разановіч, сын сьвятара. Ён раней працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. А таксама — адзін афганец, гэта ўласна Аўтуховіч. Пра Гундара некаторыя пішуць, што ён таксама ваяваў у Афганістане, але гэта ня так — нагу ён страціў праз хваробу.

Трое былі судзімыя раней. У Паўла Савы дзьве судзімасьці, вядома, што раней ён ужываў наркотыкі. Аўтуховіч ужо двойчы раней сядзеў па палітычных справах, агулам ён рэкардсмэн па гадах у турме. Калі дадаць трэцяе зьняволеньне, то больш за 9 гадоў жыцьця ён правёў за кратамі. Гундар ужо быў асуджаны на тры гады пасьля пратэстаў 2020 году.

Усяго сярод падсудных дзьве сям’і — Сяргей і Любоў Разановічы і іхні сын Павал; маці і сын Ірына і Антон Мельхеры.

2. Абвінавачаньне

Першапачаткова гаворка ішла пра падпал аўтамабіля сьледчага ў Горадні і двух аўтамабіляў і недабудаванага дома міліцыянта ў Ваўкавыску.

Ужо на працэсе стала вядома, што абвінавачаньне перарасло ў нешта большае. Фігурантам закідаюць жаданьне зьмяніць рэжым у Беларусі і забіць Лукашэнку, а ўсё гэта — нібыта па ўказаньні ўкраінскіх спэцслужбаў. Гранатамёт і баявыя ракеты, каб зьбіць самалёт Лукашэнкі, паводле вэрсіі беларускіх сілавікоў, Аўтуховіч з паплечнікамі хацелі везьці з ЗША праз украінскую мяжу.

3. Віна

Толькі двое фігурантаў цалкам прызналі сваю віну. Адзін — Павал Сава, ён ня толькі абвінавачаны, але і асноўны сьведка, даваў паказаньні супраць Аўтуховіча і іншых. Другі — Антон Мельхер, але хлопца вінавацяць толькі ва ўдзеле ў «берасьцейскім карагодзе». Якім чынам яго далучылі да «справы Аўтуховіча», ня надта ясна.

4. Судзьдзя

Разглядае справу Максім Філатаў зь Ліды. Ён і раней вёў палітычныя працэсы. Камусьці ён настолькі не дагадзіў, што падчас ягонай трэніроўкі ў спартовай залі ў ягоны заплечнік у разьдзявалцы нехта ў літаральным сэнсе «наклаў купу г...». Па гэтым факце нават праводзілі праверку і шукалі вінаватых.

Філатаў вядомы тым, што асудзіў на 5 гадоў актывіста Вітольда Ашурка, які пазьней загінуў у калёніі. Філатаў увайшоў у ліку першых у санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу пасьля 2020 году. А ў Беларусі пайшоў на павышэньне і з пачатку 2022 году працуе ў Горадзенскім абласным судзе.

5. Час

Самаму маладому фігуранту справы 28 гадоў, гэта Антон Мельхер. Павал Разановіч старэйшы за яго на некалькі месяцаў, яму 29. Самая старэйшая фігурантка справы — Ірына Мельхер, ёй 67 гадоў.

Першых фігурантаў затрымалі ў сьнежні 2020 году, неўзабаве споўніцца два гады, як яны сядзяць.

Судовы працэс ідзе ўжо пяты месяц.

Мінімальны тэрмін пагражае Антону Мельхеру, якога судзяць толькі за ўдзел у пратэстах, — 4 гады калёніі. Максымальны — шасьці фігурантам, якіх вінавацяць у тэрарызьме (Аўтуховічу, Саве, Дзербыш, Паўлу і Любові Разановічам, Ірыне Мельхер), — 25 гадоў.

6. Катаваньні

Абвінавачаныя неаднаразова заяўлялі пра катаваньні і пагрозы. Адна з мэтаў, зь іхных словаў, — каб яны далі патрэбныя паказаньні падчас сьледзтва.

Павал Разановіч казаў, што чуў крыкі сваёй маці, якую душылі ў суседнім кабінэце, таксама яму пагражалі арыштам жонкі.

Гундар заяўляў, што яго білі пасьля затрыманьня. Дзербыш казала пра ціск на яе падчас сьледзтва, каб яна сябе агаварыла.

Вязьняў перад судом прымушалі разьдзецца, каб прасьвяціць іхняе адзеньне рэнтгенам. На гэта, у прыватнасьці скардзілася Дзербыш. Гундара пасьля адной з такіх працэдураў даставілі ў суд у адных майтках і прышпілілі на расьцяжцы да клеткі кайданкамі, вязень мусіў стаяць пры гэтым на адной назе.

У Вольгі Маёравай падчас аднаго з паседжаньняў з камэры зьнікла майка-вышыванка і швэдар чырвонага колеру.

Дзербыш і Аўтуховіча амаль увесь час пасьля затрыманьня трымалі ў камэрах-адзіночках.

На фігурантаў ціснулі і праз абмежаваньне ліставаньня.

Чацьвёра падсудных — Уладзімер Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер — перадалі на волю зварот, у якім заявілі аб пагрозе іхнаму жыцьцю і здароўю, а таксама пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў.

Павал Сава загадкава сказаў, што «можа не дажыць да канца суду».

7. Клеткі

Яшчэ ў адну форму зьдзекаў можна вылучыць мэталічныя клеткі, у якіх трымалі фігурантаў падчас працэсу. Інтэрнэт-карыстальнікі адразу параўналі іх з клеткамі для дзікіх жывёлаў і зь сярэднявечнымі прыладамі для катаваньняў.

У асноўнай вялікай клетцы, куды зьмяшчалі большасьць фігурантаў, доўгі час была перагародка, празь якую людзі не маглі бачыць адзін аднаго і таму не маглі зразумець, хто, прыкладам, дае супраць іх паказаньні.

Яшчэ ў дзьвюх малых клетках асобна пасадзілі Аўтуховіча і Любоў Разановіч. Яны скардзіліся, што клеткі цесныя, у іх немагчыма зручна сесьці або ўстаць, балела сьпіна.

8. Галадаваньні

Аўтуховіч паставіў рэкорд па «сухім галадаваньні» ў Беларусі. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 21 дзень, чым моцна падарваў сабе здароўе. Такім чынам ён пратэставаў супраць перашкодаў у ліставаньні — яму не аддавалі лісты нават ад маці. Што праўда, вязень досыць хутка для такой галадоўкі ачуняў, цяпер ён «выглядае няблага» і есьць усе прадукты.

Шмат разоў падчас зьняволеньня галадаваў і Гундар, так ён змагаўся зь ціскам і зьдзекамі ў дачыненьні да яго.

9. Адкрыты закрыты працэс

Зь сярэдзіны верасьня працэс, які пачаўся ў траўні, зрабілі цалкам закрытым.

Але і да гэтага трапіць на яго было амаль немагчыма. Суд праходзіць у памяшканьні ўнутры горадзенскай турмы. На паседжаньні пускалі толькі па двое сваякоў абвінавачаных — блізкія хадзілі туды па чарзе. Сябрам, знаёмым, калегам фігурантаў уваход быў ад пачатку забаронены.

Затое прайсьці дазвалялі супрацоўнікам дзяржаўных мэдыя. Менавіта на пралукашэнкаўскіх каналах зьяўляліся фота і відэа з падсуднымі, а таксама асноўная інфармацыя з працэсу. Адметна, што прапагандысцкія мэдыя актыўна асьвятлялі працэс са сваёй інтэрпрэтацыяй.

10. Прысуд

Прысуд чакаецца 17 кастрычніка, але і гэта не вядома дакладна. Праз закрытасьць працэсу няма нават інфармацыі, што запрасіў пракурор для абвінавачаных.

Першапачаткова справа займела розгалас праз тое, што некаторым удзельнікам пагражае расстрэл. Такую санкцыю прадугледжвае 3 частка артыкула 289 «Акт тэрарызму». Аднак праваабаронцы сьцьвярджалі, што сьмяротнае пакараньне ня можа пагражаць нават пры такім абвінавачаньні, бо ніхто з пацярпелых не памёр. Да таго ж жанчын у Беларусі не расстрэльваюць. Максымальнае пакараньне, якое ім могуць даць, — 25 гадоў калёніі.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG