Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя выдала ордэр на арышт прэзыдэнта Сырыі Асада


Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Сырыі Башар Асад (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Францускія судзьдзі выдалі ордэры на арышт прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада, ягонага брата Махера аль-Асада і двух іншых высокапастаўленых чыноўнікаў па абвінавачваньні ў выкарыстаньні забароненай хімічнай зброі супраць цывільных асобаў у Сырыі, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу ў судзе.

Ордэры на арышт у сувязі з абвінавачваньнямі ў саўдзеле ў злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах, выдалі пасьля крымінальнага расьсьледаваньня хімічных атак у сырыйскім горадзе Дума і акрузе Ўсходняя Гута ў жніўні 2013 году, у выніку якіх загінулі больш за 1000 чалавек.

Гэта першы раз, калі міжнародныя ордэры на арышт былі выдадзеныя ў сувязі з атакай з выкарыстаньнем хімічнай зброі ў Гуце ў 2013 годзе, кажа Мазэн Дарвіш, юрыст і заснавальнік Сырыйскага цэнтру СМІ і свабоды слова (SCM).

Сырыя адмаўляе выкарыстаньне хімічнай зброі, але папярэдняе сумеснае расьсьледаваньне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Арганізацыі па забароне хімічнай зброі паказала, што сырыйскі ўрад выкарыстаў нэрвова-паралітычнае рэчыва зарын у атацы ў красавіку 2017 году і неаднаразова выкарыстоўваў хлёр у якасьці зброі.

Прэзыдэнт Сырыі і Міністэрства інфармацыі краіны пакуль не пракамэнтавалі СМІ інфармацыю.

  • У верасьні 2017 году Камісія ААН па расьсьледаваньні хімічных атак у Сырыі паведаміла, што ў ходзе сырыйскага канфлікту 33 разы ўжывалася хімічная зброя, 27 разоў хімічную зброю ўжывалі сілы рэжыму Башара Асада.
  • Канвэнцыя аб хімічнай зброі падпісаная ў 1993 годзе і дзейнічае з 1997 году. Яна таксама забараняе распрацоўваць, вырабляць, захоўваць, перадаваць, набываць і выкарыстоўваць хімічную зброю. Створаная Арганізацыя забароны хімічнай зброі, якая забясьпечвае выкананьне палажэньняў пагадненьня. Яе штаб-кватэра ў Гаазе.
  • Пераважная большасьць краін сьвету далучыліся да абедзьвюх канвэнцыяў, уключаючы ўсе эўрапейскія краіны, у тым ліку Расею і Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG