Суд Цэнтральнага раёна Гомля накіраваў на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны стацыянар Валерыя Яроцкага, якога абвінавачвалі ў паклёпе (арт. 188 КК) і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК).
Пастанову прыняў судзьдзя Віктар Казачак яшчэ 19 ліпеня, аднак падрабязнасьці справы сталі вядомыя праваабаронцам толькі цяпер.
Валерый Яроцкі — ураджэнец Жлобіна, неаднаразова быў назіральнікам на выбарах ад Беларускага Хэльсынскага камітэту. У 2019 годзе стаў чэмпіёнам горада ў шахматах, а яшчэ выйграў хуткі турнір у Асіповічах. Пра гэта паведамляла «Гомельская вясна».
Паводле абвінавачаньня, Яроцкі адправіў у КДБ, МУС, пракуратуру і Цэнтральную камісію па выбарах і рэфэрэндумах рукапісныя і электронныя лісты, у якіх абвінаваціў Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах.
Падобныя лісты ён падрыхтаваў і ў дачыненьні да аднаго з пракурораў Гомельскай вобласьці. Што менавіта было ў тэкстах зваротаў, не паведамляюць.
Суд прызнаў Яроцкага хворым на псыхічны разлад і накіраваў яго на прымусовае лячэньне, забараніўшы пакідаць краіну.
Тым ня меней Валерыя Яроцкага ўнесьлі ў «Сьпіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».