Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацькоў бяруць у закладнікі». Падрабязнасьці ператрусу ў родных Сашы Філіпенкі


Пісьменьнік Саша Філіпенка, архіўнае фота
Пісьменьнік Саша Філіпенка, архіўнае фота

Раніцай 9 лістапада сілавікі прыйшлі да бацькоў пісьменьніка Сашы Філіпенкі, які даўно жыве за мяжой. Бацьку Філіпенкі затрымалі, дома забралі ўсю тэхніку. Пісьменьнік расказаў Свабодзе, як гэта адбывалася.

Пакуль невядома, зь якой менавіта прычыны сілавікі прыйшлі да бацькоў Сашы Філіпенкі. Усё адбылося раніцай 9 лістапада. Па словах пісьменьніка, у ператрусе ўдзельнічала сем узброеных аўтаматамі сілавікоў.

«Пакуль нічога незразумела, яны прыехалі ў 8 раніцы, ператрус, забралі ўсю тэхніку. Маёй маці сказалі: „Скажыце дзякуй сыну“. Бацьку затрымалі, у маці таксама забралі тэхніку, таму зь ёй зараз няма сувязі. Сілавікі даўно прыходзілі да бацькі і казалі, што мне трэба заткнуцца. Мы даўно абмяркоўвалі з бацькам, што трэба выяжджаць, але ён сказаў, што нічога не зрабіў. Ён дарослы чалавек і ня мае дачыненьня да таго, што я раблю», — сказаў пісьменьнік у размове са Свабодай.

Саша Філіпенка — вядомы беларускі расейскамоўны пісьменьнік, родам зь Менску, жыве ў эміграцыі, ляўрэат літаратурных прэмій, аўтар раманаў «Чырвоны крыж», «Цкаваньне», «Былы сын», «Задумы», «Вяртаньне ў Астрог», «Крэмулятар», апавяданьняў і п’ес. Ягоныя творы перакладзеныя на больш як 10 моваў.

Ён быў удзельнікам многіх жнівеньскіх пратэставых акцыяў у Менску, таксама ён асудзіў поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

У сваіх інтэрвію Саша Філіпенка часта выказваўся пра падзеі ў Беларусі.

«Напэўна, гэта (сёньняшні ператрус і затрыманьне бацькі пісьменьніка. — РС) зьвязана зь нейкім з апошніх інтэрвію. Супэртупа перастаць даваць інтэрвію, калі твайго бацьку бяруць у закладнікі, каб ты замаўчаў. Дзіўна не расказваць пра гэта. Пра тое, што яны дайшлі ўжо да ўсяго, а цяпер бяруць бацькоў у закладнікі. Яны ўжо дайшлі да абсалютнага абсурду», — сказаў пісьменьнік.

Саша Філіпенка 9 лістапада напісаў напісаў у сваім фэйсбуку:

«У мяне дома ператрус. Сем чалавек з аўтаматамі. Бацьку забралі. Маці сказалі: „Скажыце дзякуй сыну“. Відавочна, што ціснуць на мяне і хочуць, каб я перастаў выказвацца ў эўрапейскай прэсе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG