Камітэт дзяржаўнай бясьпекі абнавіў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», там зьявіліся прозьвішчы яшчэ чатырох чалавек.
Сярод іх Арцём Янкоўскі, фігурант «справы ЧКБ» Раман Цыганкоў, намесьнік старшыні праўленьня «Тэхнабанку» Дзьмітры Богуш, прадпрымальнік і рэзыдэнт Гомельскага тэхнапарку Юры Ташкінаў.
Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1130 чалавек, зь іх 375 — беларусы.
У Менску цяжарную жанчыну аштрафавалі за «пікет» бел-чырвона-белым парасонам
Суд Партызанскага раёну Менску 20 кастрычніка разгледзеў адміністрацыйную справу супраць мясцовай жыхаркі. Паводле пастановы суду, жанчына «з мэтай публічнага выказваньня сваіх грамадзка-палітычных настрояў ішла зь бел-чырвона-белым парасонам». За гэта на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, заўважыла «Зеркало».
Да матэрыялаў справы далучылі фота, на якім мінчанка ідзе з раскрытым парасонам, а побач зь ёй знаходзяцца пажылая жанчына і «асоба, якая ажыцьцяўляла фатаграфаваньне».
Жанчына на судзе прызнала віну часткова. Па яе словах, яна не перасьледавала палітычных мэтаў, а проста хавалася пад парасонам ад дажджу, але «ў цяперашні момант разумее, што яе дзеяньні маглі выклікаць рэакцыю з боку грамадзян, якія бачылі яе».
Праз тое, што мянчанка выхоўвае дваіх дзяцей, у тым ліку аднаго малалетняга, і знаходзіцца ў стане цяжарнасьці, яе не маглі адправіць на «суткі», таму прызначылі штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1850 рублёў).
ГУБАЗіК затрымаў супрацоўніка Coca‑Cola за камэнтар у чаце палку Каліноўскага
Пра затрыманьне паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.
У пакаяльным відэа сілавікі выкарыстоўваюць скрыншоты камэнтароў, якія нібыта пісаў затрыманы.
На Віцебшчыне затрымалі пастара царквы хрысьціян-эвангелістаў разам з жонкаю
Як паведамляе christianvision, мужчыну завуць Аляксандар Цырыкаў, ён служыць у царкве «Благодать» у Расонах. Таксама затрымалі жонку Аляксандра Ніну.
Сужэнцаў даставілі ў Расонскі РАУС. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя.