Грамадзкасьць запатрабавала тлумачэньняў ад чыноўнікаў з Горадзенскага гарвыканкаму: куды і чаму ў ліпені зьнік знак паўстанцам 1863 году на чыгуначным вакзале Горадні.
У першым адказе, датаваным 28-га ліпеня, намесьнік старшыні Горадзенскага гарвыканкаму Зоя Кулеша адказала, што ў чыноўнікаў няма інфармацыі, што памятны знак зьяўляўся творам дэкаратыўна-манумэнтальнага мастацтва. Аднак ужо праз два тыдні, 15 жніўня, у адказе на новы зварот тая ж самая намесьніца адзначыла, што наогул ня мае інфармацыі пра «аб’ект, які згадваўся ў звароце».
9 кастрычніка Баранавіцкае аддзяленьне Беларускай чыгункі адзначыла, што памятны знак паўстанцам дэмантавалі 11 ліпеня работнікі Горадзенскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Увагу на гэта зьвярнуў тэлеграм-канал «Спадчына».
Пры гэтым 31 кастрычніка ў адказе на запыт грамадзян кіраўніцтва горадзенскіх камунальнікаў зазначыла, што ня мае зьвестак пра згаданы аб’ект. Яно прапанавала абскардзіць адказ у прадугледжаным законам парадку, але ніяк не пракамэнтавала, адкуль у такім выпадку ў Баранавіцкага аддзяленьня Беларускай чыгункі інфармацыя пра тое, што менавіта горадзенскія работнікі ЖКГ правялі дэмантаж памятнага знаку, пра які ў іх кіраўніцтва нібыта няма інфармацыі.
20 ліпеня 2023 году стала вядома, што з будынку Горадзенскага чыгуначнага вакзалу зьнік памятны знак паўстанцам 1863 году. Грамадзкасьць падазрае, што да гэтага спрычынілася скандальная прарасейская прапагандыстка Вольга Бондарава.
У 1863 годзе паўстанцы хацелі выкарыстоўваць чыгуначны вакзал для хуткага перамяшчэньня сваіх атрадаў. Работнікі вакзалу выступілі на іх баку. Аднак увечары 14 сакавіка лякаматыў з узброенымі горадзенцамі сышоў з рэек, і паўстанцы змушаныя былі застацца ў горадзе. У выніку расейскія акупацыйныя ўлады арыштавалі 73 чалавек, а 17 верасьня Міхаіл Мураўёў падпісаў загад на высылку 25 паўстанцаў у Сібір.
Памятны знак выканаў з дубу горадзенскі скульптар Уладзімер Панцялееў. Знак усталявалі пры вакзале ў 1983 годзе.
Цяпер на месцы знака павесілі шыльду пра падпольныя групы чырвоных партызанаў у гады ІІ сусьветнай вайны, якія дзейнічалі на чыгуначным вузьле са сьнежня 1941 году па ліпень 1944-га пад кіраўніцтвам Багатырова, Сьвятлічнага і Панасюка.
А ў верасьні ў Горадні зьніклі турыстычныя стэнды пра Элізу Ажэшку, усталяваныя за грошы Эўразьвязу. Іх нібыта забралі на «рамонт», але зьявілася інфармацыя, што вяртаць шыльды на горадзенскія вуліцы не зьбіраюцца.
- У сакавіку на Горадзеншчыне, у Зэльве, мясцовыя ўлады дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш.
- Сёлета ў Грозаве і Семежаве зьніклі крыжы, усталяваныя ў памяць герояў Слуцкага збройнага чыну.
- На заклік прапагандысткі Бондаравай улады разграмілі музэй Белага ў Старых Дарогах.
- Улады панішчылі шэраг польскіх пахаваньняў у розных частках краіны.
- У Курапатах пад Менскам працягваюцца акты вандалізму, на якія міліцыя ніяк не рэагуе. У прыватнасьці, вандалы апаганілі крыж Вацлаву Ластоўскаму.
- Працягваецца наступ на беларускую лацінку. Шыльды з подпісамі на ёй зьніклі зь менскага мэтро, вуліц Горадні і іншых месцаў.