Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Горадні папрасілі ўлады патлумачыць, куды падзеўся помнік паўстанцам 1863 году


Чыгуначны вакзал Горадні
Чыгуначны вакзал Горадні

У пэтыцыі да Горадзенскага гарвыканкаму жыхары просяць назваць прычыну, па якой дэмантавалі памятны знак, і паведаміць, дзе ён цяпер.

На сайце ipetitions.by зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнямі тлумачэньняў ад чыноўнікаў з Горадзенскага гарвыканкаму: куды і чаму зьнік знак паўстанцам 1863 году на чыгуначным вакзале Горадні.

Падпісацца пад пэтыцыяй можна да 30 ліпеня. Грамадзяне таксама цікавяцца ў чыноўнікаў, дзе знак цяпер, дзе і калі яго зноў усталююць.

Паколькі ўсе дакумэнты па памятных дошках і помніках па законе павінны праходзіць празь Міністэрства культуры, грамадзяне хочуць ведаць, згодна зь якім рашэньнем міністэрства памятны знак дэмантавалі.

20 ліпеня 2023 году стала вядома, што з будынку Горадзенскага чыгуначнага вакзалу зьнік памятны знак паўстанцам 1863 году. Замест яго зьявілася шыльда, прысьвечаная савецкім падпольшчыкам часоў ІІ сусьветнай вайны. Грамадзкасьць падазрае, што да гэтага спрычынілася скандальная прарасейская прапагандыстка Вольга Бондарава.

У 1863 годзе паўстанцы хацелі выкарыстоўваць чыгуначны вакзал для хуткага перамяшчэньня сваіх атрадаў. Работнікі вакзалу выступілі на іх баку. Аднак увечары 14 сакавіка лякаматыў з узброенымі горадзенцамі сышоў з рэек, і паўстанцы змушаныя былі застацца ў горадзе. У выніку расейскія акупацыйныя ўлады арыштавалі 73 чалавек, а 17 верасьня Міхаіл Мураўёў падпісаў загад на высылку 25 паўстанцаў у Сібір.

Памятны знак выканаў з дубу горадзенскі скульптар Уладзімер Панцялееў. Яго ўсталявалі пры вакзале ў 1983 годзе.

Цяпер на месцы знака павесілі шыльду пра падпольныя групы чырвоных партызанаў у гады ІІ сусьветнай вайны, якія дзейнічалі на чыгуначным вузьле са сьнежня 1941 году па ліпень 1944-га пад кіраўніцтвам Багатырова, Сьвятлічнага і Панасюка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG