Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце сьцьвярджае, што грамадзянам, якія могуць пацярпець ад рэжыму Лукашэнкі, неабходна аказаць дапамогу.
Яна зарэгістравала папраўку да закону «Аб праўным становішчы іншаземцаў», якая падоўжыць тэрмін дзеяньня часовага дазволу на жыхарства ў Літве да 3 гадоў.
«Сытуацыя ў Беларусі не зьмяняецца. Беларусы, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў рэжыму, дагэтуль ня могуць бясьпечна вярнуцца ў краіну. Наша прыхільнасьць дапамозе грамадзянам Беларусі застаецца цьвёрдай і будзе працягвацца столькі, колькі неабходна.
Пасьля прыняцьця ініцыяваных мною паправак беларусам, якія жывуць у нашай краіне, і тым, хто ўцёк ад рэпрэсіяў рэжыму, больш ня трэба будзе кожны год зьвяртацца па прадаўжэньне дазволу на жыхарства, а таксама мы зьнізім нагрузку на Дэпартамэнт міграцыі», — цытуе Білатайце Міністэрства ўнутраных справаў.
Падаўжэньне тэрміну дзеяньня дазволу на жыхарства ў краіне, на думку чыноўніцы, вырашыла б і яшчэ адну праблему, зьвязаную з выдачай дзейнага праязнога дакумэнту іншаземцам гэтай катэгорыі, калі яны з аб’ектыўных прычынаў ня могуць атрымаць праязны дакумэнт у краіне свайго паходжаньня, бо пашпарт іншаземца выдаецца на той жа тэрмін, што і часовы дазвол на жыхарства.
Новую норму закону прапануюць прымяніць да ўсіх новых і ўжо пададзеных заяваў іншаземцаў аб выдачы дазволу на часовае жыхарства, аб якіх не было прынята рашэньне да ўступленьня папраўкі ў сілу.