Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 27 кастрычніка: У Лідзе масавыя затрыманьні, у Менску судзяць выкладчыц ВНУ

абноўлена

Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. 

У Ваўкавыску за падпіскі на так званыя «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы сілавікі затрымалі рабонікаў Ваўкавыскай цэнтральнай раённай лякарні і аддзяленьня «Белтэлекам». Відэа зь імі зьявілася ў блізкім да сілавікоў тэлеграм-канале, піша «Медиазона».

Адзін з затрыманых на камэру гаворыць, што працуе ў ваўкавыскай лякарні. Мяркуючы па сацсетках, яго завуць Аляксандар Скіруха.

Другі затрыманы кажа, што працуе ў «Белтэлекаме». Прызнаецца, што ў 2020 годзе браў удзел мітынгах, а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Паводле якога артыкулу затрымалі жыхароў Ваўкавыску і дзе цяпер яны знаходзяцца, невядома.

У Менску судзяць выкладчыц ВНУ

Суд Фрунзенскага раёну Менску 27 кастрычніка пачынае разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 КК, заведзенай на выкладчыц унівэрсытэту Натальлю Сівіцкую, Надзею Старавойтаву і загадчыцу студэнцкага інтэрнату Алену Драбудзьку. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і падпісцы на апазыцыйныя тэлеграм-каналы.

Натальля Сівіцкая да затрыманьня працавала дацэнткай катэдры беларускай і расейскай моваў БДУФК, яна кандыдатка філялягічных навук.

Палітзняволеная Надзея Старавойтава — выкладчыца беларускай мовы, кандыдатка філялягічных навук і дацэнтка катэдры беларускай і расейскай моў. Надзею затрымалі 23 ліпеня 2023 году.

Алену Драбудзьку затрымалі на пачатку жніўня 2023 года. Яна працавала загадчыцай інтэрнату №4 БДЭУ.

Справу разглядае судзьдзя Алена Бушава, піша «Вясна».

Беларуса, які вярнуўся з-за мяжы, судзяць за абразу Лукашэнкі

У судзе Ленінскага раёну Горадні 27 кастрычніка пачынаецца суд над жыхаром Менску Вячаславам Чарнецкім. Сілавікі затрымалі яго ў канцы ліпеня, калі ён зь сям'ёй вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы.

Як піша «Вясна», яго вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу прызначаная весьці судзьдзя Натальля Козел.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што мужчына нібыта напісаў каля 1000 камэнтароў у «экстрэмісцкіх» каналах і чатах.

Як высьветліла @nashaniva, затрыманы жыў у Менску, ён жанаты, захапляецца пэйнтболам. Выданьне піша, што сілавікі змаглі выйсьці на Чарнецкага, бо ён падпісаў свой акаўнт у тэлеграме сапраўдным імем і прозьвішчам.

У Лідзе на ААТ «Лідзкае піва» масавыя затрыманьні

27 кастрычніка каля 10:00 адбыўся хапун на прадпрыемстве ААТ «Лідзкае піва». Як паведамляюць праваабаронцы, затрымалі ня менш за шэсьць асоб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG