Чалы сфармуляваў асноўныя праблемы беларускіх СМІ, расказаў, чаму глядзіць расейскіх блогераў, патлумачыў, як эканамічны крызіс 2015–2016 гадоў прывёў да падзеяў 2020 году. Аналітык параўноўвае цяперашнюю сытуацыю з позьнім сталінізмам і прагназуе ў будучыні змаганьне паміж умоўнымі Хрушчовым і Берыя, сілавікамі і цывільнымі, якія ў рознай ступені былі саўдзельнікамі злачынстваў.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
Пра грамадзка-палітычнае шоў «Ноч з Чалым»
— Ідэі больш за 10 гадоў. Яна зьвязаная з ранейшым досьведам маіх праграмаў, якія рабіліся ў пустой студыі. Было некамфортна, хацелася рабіць нешта з жывымі людзьмі, бачыць твары, рэакцыю. У нейкі момант падавалася, што гэта можа быць зроблена ў Беларусі. Ідэя здабыла падтрымку. Потым пачаўся каранавірус, далей выбары, потым контрарэвалюцыя, і толькі цяпер гэта стала магчымым. Мы сабралі ці ня ўсіх спэцыялістаў, якія толькі ёсьць — па колеры, па сьвятле, па студыі, апэратары, мантажоры. Цяпер гэта найлепшая каманда, у ёй некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта вялікі выклік ня толькі для мяне, таму людзі і захацелі ў гэтым удзельнічаць. Пакуль усім падабаецца тое, што мы робім.
Пра водгукі і працу над памылкамі
— У мяне ёсьць прынцып — нічога не чытаю пра сябе ўвогуле. Лічу, што я лепей разумею і ведаю, што ў мяне атрымалася і што не атрымалася. Як казаў Генры Форд, калі б мы прыслухоўваліся да сваіх кліентаў, то людзі б езьдзілі дагэтуль на больш хуткіх гужавых павозках. Гэта толькі першы выпуск. Цяпер адбываецца праца над памылкамі. Галоўны выклік ня ў тым, каб паспрабаваць зрабіць адзін выпуск добра, самае галоўнае — рабіць гэта рэгулярна... З кожным разам будзе толькі лепей. Ніхто пакуль нічога падобнага ня робіць. Гэта не забаўляльная праграма. Мы не спрабуем рабіць ані Урганта, ані «Макаёнка» ці нешта іншае. Урэшце ўсё роўна гэта мая праграма, я ня стану іншым. І мы спрабуем скарыстаць канкурэнтныя перавагі, якія ў нас ёсьць.
Пра прычыны падзеньня цікавасьці да розных крыніцаў інфармацыі
— Мэта — рабіць праграму зь беларусамі і для беларусаў. Не для эмігранцкай аўдыторыі, а той асноўнай аўдыторыі, якая засталася ў Беларусі. Няма нічога новага, што мы маглі б сказаць людзям, яны самі ўсё цудоўна ведаюць і разумеюць. Хутчэй гаворка ідзе пра тое, як гаварыць і якія эмоцыі выклікаць. Падзеньне цікавасьці да розных крыніцаў інфармацыі (відэа, інтэрнэт-СМІ ці друкаваныя СМІ) зьвязана з тым, што ніхто ня хоча трапляць чарговым разам у гэты эмацыйны цыкль трывогі, ілжывай надзеі і расчараваньня пасьля гэтага. Што сапраўды мае сэнс — тлумачыць, што адбываецца, паспрабаваць укладаць рэчы ў доўгатэрміновую пэрспэктыву. І самае галоўнае — не займацца расчэсваньнем балячак, а дарыць людзям надзею. Гэта мы зараз спрабуем рабіць.
Пра пагрозу «экстрэмісцкага статусу» для шоў і бясьпечныя лайкі
— Да «экстрэмісцкага» статусу трэба ставіцца як да зьявы прыроды. Мы на гэта ніяк уплываць ня можам. Сыстэма даходзіць да лягічнага маразму. Крытэры «экстрэміста» ад самага пачатку моцна размытыя. Цяпер экстрэмізмам можа лічыцца ўсё што заўгодна — форма адзеньня і словазлучэньняў. Трэба ставіцца як да такога бэджыку «ўладам не падабаецца». У гэтым і сэнс. У іх ёсьць свае СМІ, якія робяць тое, што ім падабаецца, але іх аўдыторыя — у выглядзе аднаго чалавека. Прызнаюць, і што? Гэта ж не паўплывае на тое, што мы будзем гаварыць ці што будзем рабіць. Што да падзеньня праглядаў, то, хутчэй, адбываецца падзеньне колькасьці падпісак, а глядзець можна і безь сьлядоў у тэлефоне і кампутары.
Пра расейскіх блогераў
— Сам я стаў больш глядзець расейскіх блогераў. У некаторым сэнсе цікава, што адбываецца ў іх. Гэта як у люстэрка паглядзецца і ўбачыць нашы ўласныя падзеі. У іх сытуацыя больш складаная. Уяўленьне, што Расея такая была клясная і тут раптам стала ізгоем, гэта цяжкі псыхалягічны ўдар для вялікай колькасьці людзей, нават для так званых добрых расейцаў, ня кажучы ўжо пра дрэнных. Я гляджу вялікую колькасьць інтэрвію зь вядучымі дзеячамі культуры, пачынаючы з Барыса Грабеншчыкова, Антона Доліна... Мне цікава, як яны мысьляць у гэтай сытуацыі, якім чынам працягваюць сваю працу.
Пра праблемы беларускіх СМІ
— Галоўная, даўняя праблема беларускіх СМІ — бессэнсоўная пагоня за колькасьцю праглядаў. Гэта прыводзіць да двух эфэктаў. Гэта спрашчэньне і апашленьне тэмы размовы, і ёсьць яшчэ горшая форма (ня буду паказваць пальцам, але здагадаецеся) — ёсьць СМІ, якія толькі тым і займаюцца, што раздуваюць, расчэсваюць, як цяпер называецца, бульбасрачы. Пабачылі нешта ў Фэйсбуку — а давайце запросім у студыю гэтых людзей, хай яны адзін у аднаго яшчэ і на вялікую аўдыторыю какашкамі пакідаюцца. Я ня бачу ў гэтым вялікага сэнсу. Гэта адбываецца ад уласнай ляноты. Праз гэта я мала гляджу беларускую прадукцыю... Я ўсё жыцьцё лічыў, што калі працуеш у СМІ, ня трэба ставіцца да гэтага як да газэты, тэрмін службы якой адзін дзень. Працаваць трэба як у часопісе, які потым можа дома заставацца, перачытвацца.
Пра сыход з каманды Лукашэнкі
— Я ня ўпэўнены, што падзеі тых гадоў нейкім чынам уплываюць на тое, што я цяпер раблю. У мяне быў вельмі розны жыцьцёвы досьвед. Я працаваў навукоўцам-фізыкам, быў спэцыялістам па выбарах, чыноўнікам у адміністрацыі, працаваў у прыватным бізнэсе аналітыкам... Потым аказалася, што ўсе гэтыя ўменьні і рэчы даюць сплаў ведаў і разуменьня таго, што адбываецца. Магчыма, менавіта таму мая думка цікавая людзям. Я шмат разоў расказваў пра тыя падзеі. Я вельмі рана гэтае месца пакінуў. Рашэньне прыняў пасьля рэфэрэндуму 1996 году, сышоў у 1998 годзе, спатрэбіўся час. І ўсё. Далей яны самі.
Пра неабходнасьць зьмены ўлады як падгузьнікаў
— Калі параўноўваць зь першымі гадамі, то Лукашэнка вельмі моцна зьмяніўся. Недарма ва ўсіх сыстэмах улады існуе абмежаваньне на колькасьць гадоў знаходжаньня там. Гэта надзвычай шкодная прафэсія, яна атручвае чалавека. Як псуюцца прадукты, так псуюцца і людзі на гэтай працы. Некаторым хапае двух тэрмінаў, некаторым аднаго. У любым выпадку ў нейкі момант зьяўляецца адчуваньне, што краіна безь мяне прападзе, я — адзіны геній, на якім усё трымаецца, прыйдуць «яны» і ўсё разваляць. Гэта адбываецца непазьбежна. Гэта ўласьцівасьць ня псыхікі, а месца працы. Менавіта таму патрэбная інстытуцыяналізаваная зьмена ўлады, як падгузьнікаў... Памятаеце гэтую мэтафару, што іх трэба мяняць гэтак жа часта і з гэткай жа прычыны? Яна абсалютна слушная. З Лукашэнкам гэта вельмі добра бачна, бо праз працягласьць знаходжаньня ва ўладзе гэта прывяло да зусім карыкатурных рэчаў.
Пра жыцьцё ў сьвеце ўяўленьняў Лукашэнкі
— Самае трагічнае, што ён сам гэтага ня бачыць. Больш за тое, атачыў сябе такімі людзьмі, якія толькі ўзмацняюць ягоную перакананасьць, што ён нейкі вялікі і геніяльны. А насамрэч гэта чалавек далёка не вялікага розуму і адукацыі. Колькі б ён ні расказваў пра сваю вышэйшую адукацыю, відавочна, што ён малаадукаваны чалавек, мала чытае і мала ведае. Таму ён знаходзіцца ў гэтай пастцы, дзе вакол тыя, хто як «зязюля хваліць пеўня за тое, што ён хваліць зязюлю». Мы жывем у дурным сьвеце ўяўленьняў Лукашэнкі пра тое, як уладкаваны сьвет, як павінна быць пабудаваная дзяржава, улада. Пры гэтым у пэрсаналісцкіх рэжымах ёсьць важная ўласьцівасьць — яны ніколі не трансьлююцца. Увесь гэты морак, навала скончацца ўмомант, калі скончыцца Лукашэнка, няважна, якім чынам гэта адбудзецца.
Пра рашэньні, прынятыя людзьмі задоўга да 2020 году
— Выбары 2020 году — гэта ня толькі гісторыя пра салідарнасьць, калі людзі выявілі няздольнасьць дзяржавы ім дапамагаць і ўсталявалі сеткі сацыяльнай падтрымкі падчас каранавірусу. Насамрэч гэта гісторыя эканамічная. Пасьля крызісу 2015–2016 гадоў адчуваньне безнадзейнасьці і адсутнасьці будучыні было разьлітае ў паветры. Менавіта таму выбары 2020 году ўспрымаліся як апошні шанец. Калі нічога ня зьменіцца, трэба зьяжджаць. Дарослыя людзі казалі, што калі ня мы, то хаця б дзеці. Усё, што было потым, — гэта было ўзмацненьне гэтых тэндэнцый. Тэорыя сацыяльных рэвалюцый кажа нам пра тое, што надломныя зьмены функцыянаваньня рэжымаў адбываюцца не тады, калі ўсё дрэнна. Яны адбываюцца тады, калі добра, і калі надзея на тое, што будзе лепей, зьнікае. Гэта адбывалася пасьля крызісу 2015–2016 гадоў, калі ўлада сказала: прабачце, вы неяк самі, у нас няма для вас ні жаданьня, ні сілаў, ні рэсурсаў. Людзі цудоўна ўсё зразумелі пра гэтую ўладу і яе сацыяльную арыентацыю. Потым быў пэрыяд контрарэвалюцыі, менавіта так гэта правільна называць. Насамрэч усё зьмянілася незваротна. Рашэньні былі прынятыя людзьмі задоўга да 2020 году, і падзеі, якія адбыліся затым, пацьвердзілі, што яны не памыліліся ў дыягназе сытуацыі.
Праз каго прыйдуць зьмены
— Акрамя Лукашэнкі ёсьць людзі... Ня буду казаць, што гэта блізкае кола, але рана ці позна ў гэтых людзей узьнікае пытаньне: а што ў будучыні? Дзеля чаго гэта ўсё? Навошта ўся гэтая надзвычайшчына? А далей што? Гэта ўсё больш становіцца відавочным нават для самага бліжняга кола, якое займаецца цяпер самаўнушэньнем. Усім хочацца думаць, што ты на баку дабра. У фрустрацыі — людзі, якія апынуліся там, па той бок барыкадаў, бэнэфіцыяры сыстэмы, яе ўдзельнікі. Ім усё больш становіцца зразумела, што гэта ня тое, на што яны разьлічвалі. Ім абяцалі, што будзе кароткі пэрыяд надзвычайшчыны, і потым урэшце мы зажывем добра. Не, нічога добрага не адбываецца, будучыні няма. Нарада па стратэгічных праектах, якую Лукашэнка праводзіў, адбылася таму, што ён адчувае, што адказаў на гэтыя пытаньні няма. Рана ці позна гэтыя людзі могуць задацца пытаньнем: колькі магчыма?
Пра мэтафару позьняга сталінізму
— Згадаем позьні сталінізм. Пасьля вайны многія думалі, што цяпер усё зьменіцца, да людзей можна ставіцца крыху па-іншаму. Аказалася, што не, параноя нікуды не падзелася, рэпрэсіі пачынаюцца новым вітком. Я лічу, што гэта мэтафара 1953 году. Я лічу, што ў нас будзе падобны сцэнар. І можна ўжо рабіць прагноз, што будзе барацьба паміж умоўным Хрушчовым, Малянковым і ўмоўным Берыя, паміж нейкімі сілавікамі і нейкімі цывільнымі людзьмі. Асаблівасьць постсталінскага рэжыму ў тым, што ўсе гэтыя людзі былі так ці інакш саўдзельнікамі, якія заплямілі сябе тымі ж самым сталінскімі злачынствамі. Але ўрэшце ўсё заканчваецца XX зьездам і асуджэньнем культу асобы.