Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З назвы ЛПП трэба выкінуць і «лячэбны», і «прафілякторый». Навошта ў Беларусі зьмяняюць заканадаўства аб «лячэньні» ад алькагалізму


Беларусы, якіх накіроўваюць у ЛПП. Архіўнае фота 2008 году
Беларусы, якіх накіроўваюць у ЛПП. Архіўнае фота 2008 году

Беларускія дэпутаты прынялі новую норму заканадаўства аб зьмяшчэньні ў ЛПП. З 26 студзеня 2024 году ўступае ў сілу новаўвядзеньне — спрошчаная працэдура зьмяшчэньня ў ЛПП. Дастаткова будзе двух «п’яных» правапарушэньняў, каб атрымаць накіраваньне ў «прафілякторый».

Паводле статыстыкі, «сярэдні беларус», пачынаючы з 15 гадоў, выпівае больш за 10 літраў алькаголю на год .

З 1994 году ў Беларусі вытворчасьць гарэлкі вырасла на 23%. Вытворчасьць вінаграднага віна за гэты час вырасла ў 4,6 раза. У 2021 годзе ў Беларусі вырабілі 19 літраў гарэлкі на кожнага жыхара рэспублікі.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі вытворчасьць алькаголю ўвесь час расьце. Паступова амаль увесь алькаголь пачала вырабляць дзяржава.

У Беларусі пасьлядоўна расьце як колькасьць людзей, якія трапляюць на прымусовае лячэньне ў ЛПП (лячэбна-працоўныя прафілякторыі), так і колькасьць саміх установаў. У 2014 годзе ў Беларусі было шэсьць ЛПП, цяпер іх дзевяць. Дзясяты плянуюць адкрыць на базе калёніі ў Івацэвічах.

Са студзеня 2024 году хопіць двух «пʼяных» правапарушэньняў, каб адправіцца ў прафілякторый

Пра тое, ці можна вылечыцца ад алькагалізму ў ЛПП, чаму па вызваленьні былыя пацыенты часта бягуць адразу ў краму па бутэльку і зь якой мэтай зьмяняецца закон, Свабода пагутарыла з былым пацыентам прафілякторыю Віталём Жуком і лекарам, праваабаронцам Васілём Завадзкім.

Што такое ЛПП і як дзяржава аблягчыла сабе задачу адпраўляць туды беларусаў

Лячэбна-працоўныя прафілякторыі прыдумалі ў СССР у 1967 годзе. Пасьля развалу Савецкага Саюзу такія ўстановы засталіся толькі ў Беларусі, Туркмэністане і непрызнанай Прыднястроўскай рэспубліцы.

Беларусаў у ЛПП трапляе год ад году ўсё больш. Калі ў 2006 годзе ў ЛПП накіравалі 3998 чалавек, у 2008-м — 5035, у 2010-м — 5950, то за апошнія тры гады туды трапляюць у сярэднім 7 тысяч чалавек штогод.

На ўліку ў нарколягаў стаіць каля 160 тысяч чалавек. Гэта патэнцыйныя кандыдаты ў ЛПП.

Парадак зьмяшчэньня ў ЛПП і знаходжаньня там зьмяняецца амаль штогод. У 2021 годзе ўлады павялічылі тэрмін, на які чалавека можна адправіць у прафілякторый. Раней гэта быў год, пасьля 2021 — два гады. Пры гэтым адміністрацыя ЛПП можа працягнуць гэты тэрмін яшчэ на шэсьць месяцаў.

Новым заканадаўствам прадугледжана спрошчаная працэдура зьмяшчэньня ў прафілякторый. Дастаткова будзе двух правапарушэньняў за год у стане алькагольнага апʼяненьня — і чалавек можа трапіць на прымусовае лячэньне. Да новага заканадаўства трэба было мець чатыры «пʼяныя» правапарушэньні.

Зьмены пагоршылі і сытуацыю людзей, залежных ад наркотыкаў. Цяпер грамадзяне, якія зьвернуцца ці паступяць у ўстановы аховы здароўя з атручэньнем, зьвязаным з ужываньнем наркатычных сродкаў, атрымаюць афіцыйнае папярэджаньне аб накіраваньні ў ЛПП.

«Мэта ў рэжыму тут адна — патрэбная бясплатная працоўная сіла»

Былога палітвязьня Віталя Жука затрымлівалі ў 2021 годзе, неўзабаве пасьля гэтага Жук трапіў у ЛПП.

Жук кажа, што ў прафілякторый трапіў праз даўні канфлікт зь міліцыяй у Кобрыні.

«Плюс паўплываў мой удзел у палітычных падзеях у 2020 годзе. Гэты 2020 год даў поўны карт-блянш міліцыянтам. Так у 2021 годзе я апынуўся ў прафілякторыі», — тлумачыў Віталь.

Ён чытаў пра новаўвядзеньне, «паскораную працэдуру» зьмяшчэньня ў ЛПП, і лічыць, што «рэжыму патрэбная бясплатная працоўная сіла».

«ЛПП — гэта канцлягер, гэта ўзаконенае рабства. З гэтай назвы трэба прыбраць „лячэбны“ і „прафілякторый“. Бо там ніхто ня лечыць. Толькі перад вызваленьнем цябе вядуць да начальства, каб ты падпісаў паперкі, што „прайшоў лячэньне“. Людзі выходзяць з такой „лячэбнай установы“ і адразу бягуць у краму па бутэльку. Таму што ўвесь тэрмін яны пад неймаверным псыхалягічным ціскам і цяжка працуюць», — кажа былы вязень.

Віталь Жук, архіўнае фота
Віталь Жук, архіўнае фота

Ён узгадвае, што за два месяцы цяжкай працы атрымаў 7 рублёў. Кажа, што іншыя могуць атрымаць і 50 капеек. Грошы вылічваюць за камунальныя, утрыманьне ў прафілякторыі, харчаваньне. Плюс некаторыя мусяць плаціць алімэнты.

«Гэта проста рабства. За адмову працаваць пойдзеш у ШЫЗА. У ЛПП яно нашмат горшае, чым у калёніі. Я быў там і там, таму магу параўнаць. Гэта проста беларускі ГУЛАГ», — кажа Віталь.

«Праблему алькагалізму ў рэпрэсіўным полі ніяк ня вырашыць»

Праваабаронца і лекар Васіль Завадзкі ў мінулым узначальваў мэдычную службу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Да гэтай пасады ён працаваў лекарам у розных калёніях, быў начальнікам Рэспубліканскай бальніцы для зьняволеных.

Пра новае «алькагольнае» заканадаўства ён кажа, што, з аднаго боку, гэта сьведчаньне праблемы. З другога — укладаецца ў кантэкст узмацненьня атмасфэры страху ў грамадзтве.

«Каб людзі баяліся, што будуць пакараныя за што заўгодна. Два правапарушэньні, нейкія нядобрыя стасункі з участковым — і вялікія шанцы трапіць у ЛПП. Безумоўна, слова „лячэбны“ не адпавядае сэнсу. Бо каб быў лячэбны, то гэтым бы займалася Міністэрства аховы здароўя і былі б іншыя падыходы», — лічыць праваабаронца.

Belarus - former prison doctor Vasil Zavadzky
Belarus - former prison doctor Vasil Zavadzky

Ён згаджаецца, што для людзей з залежнасьцямі можа быць патрэбная ахова, бо такі кантынгент. Але лячэбны падыход дыктаваў бы зусім іншую канцэпцыю такіх установаў.

«Маглі б быць працоўныя майстэрні, дзе добраахвотна, за пазытыўную матывацыю людзі працавалі б. Але тут гаворка ідзе пра прымусовую працу, і назва зусім супярэчыць таму, што ёсьць насамрэч. Калі гаварыць пра імкненьне вырашыць праблему алькагалізацыі, то рашэньне палягае не ў рэпрэсіўным полі», — тлумачыць Васіль Завадзкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG