Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 тысяч чалавек у чарзе па візу, 1000 эўра «памагатым». Як цяпер беларусы трапляюць у Эўразьвяз


Польскае консульства ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Польскае консульства ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Колькі часу і грошай беларусу трэба, каб атрымаць эўрапейскую візу? Што расказалі людзі і экспэрт.

Галоўны рэдактар рэсурсу visaflow.live Анастасія Лысакоўская сытуацыю зь візамі для беларусаў называе «надзвычай складанай». Паводле яе, запатрабаванасьць цяпер высокая, а краіны, якія выдаюць візы на працяглы тэрмін, можна пералічыць па пальцах.

Як кажа Анастасія, Італія застаецца фаварытам сярод беларусаў у выдачы мультывізаў. Але ёсьць нюанс: запіс на сайце візавага цэнтру адсутнічае.

«Людзі літаральна штурмуюць жывую чаргу, якая на сёньня налічвае ўжо больш за 20 тысяч чалавек. Разьлічваць на падачу па жывой чарзе можна не раней чым праз паўгода», — сьцьвярджае экспэртка.

Другі варыянт — купіць тур у агенцтве, тады можна трапіць на падачу хутчэй. Разгляд пакета дакумэнтаў на атрыманьне візы ў такім выпадку цягнецца ад 14 да 17 дзён.

Беларус Міхаіл (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе, што італьянскую візу праз «памочнікаў» можна атрымаць даволі хутка — за месяц. Але кошт іх паслуг сягае тысячы эўра.

Анастасія Лысакоўская кажа, што верыць гэтым лічбам. Паводле яе, кошт паслуг «памагатых» пачынаецца з 700 рублёў і «далей там цэны да бясконцасьці».

Беларуска Ірына расказала Свабодзе, што ня лічыць атрыманьне эўрапейскай візы праблемай. Жанчына кажа, што візу ў Італію, Вугоршчыну можна адкрыць «пад тур». Яна заказала турыстычную паездку ў Італію, падала дакумэнты на візу і атрымала яе праз тыдзень. Паводле Ірыны, віза каштавала 35 эўра, за паслугі турфірмы па яе атрыманьні жанчына аддала яшчэ 18. На сайтах агенцый цэны тураў у Італію, Францыю пачынаюцца ад 1500 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нямеччына пэрспэктыўны варыянт для тых, хто гатовы чакаць і год

Беларуска Алеся расказала Свабодзе, што самы танны і надзейны варыянт «шэнгену» — запісацца ў чаргу ў нямецкую амбасаду. Алеся дадала, што ў яе пасьля апошняй паездкі ў Эўропу, калі даводзілася больш за 24 гадзіны стаяць на мяжы, пакуль няма жаданьня некуды ехаць.

Экспэртка Анастасія Лысакоўская кажа, што Нямеччына прымае заяўкі праз сайт консульства, аднак чакаць давядзецца доўга — каля 8 месяцаў, каб проста прызначыць дату падачы дакумэнтаў.

«Нягледзячы на гэта, статыстыка выдачы візаў у немцаў добрая, так што гэта пэрспэктыўны варыянт для тых, хто гатовы чакаць», — зазначыла экспэртка.

Яна дадала, што Нямеччына таксама разглядае візавыя заяўкі на Аўстрыю, Бэльгію, Люксэмбург, Нідэрлянды і Славенію.

Паводле Анастасіі Лысакоўскай, няпроста запісацца на падачу на гішпанскую візу. Яна кажа, што даты на запіс зьяўляюцца раз на месяц. Разгляд дакумэнтаў — да 45 дзён. Прычым трэба выпіскі з банкаўскага рахунку за 6 месяцаў і даведка аб заробку за той жа пэрыяд. Яшчэ вырасьлі зборы: цяпер у візавым цэнтры давядзецца заплаціць 500-550 рублёў.

Анастасія Лысакоўская гаворыць, што летам Грэцыя была адным з даступных варыянтаў для беларусаў — просты запіс і хуткі разгляд дакумэнтаў. Аднак сезон скончыўся і цяпер, паводле экспэрткі, вырасла колькасьць адмоваў у візах.

«Па-за сэзонам падавацца стала рызыкоўна», — зазначыла яна. Магчыма атрымаць візу ў Вугоршчыну. Для гэтага трэба ці купіць тур, ці мець бронь гатэля і выпіску з аплатай. Але экспэртка папярэджвае, што вугорскае консульства можа праверыць адмену броні пражываньня пасьля атрыманьня візы.

Візавы цэнтар Польшчы ў Менску
Візавы цэнтар Польшчы ў Менску

Польшча — для самых трывалых

Беларуска Марына падзялілася са Свабодай, што ніякім спосабам ня можа запісацца на прыём дакумэнтаў у польскае консульства. «Памочнікі» прапаноўваць толькі працоўныя візы за тысячу рублёў. Марына пэнсіянэрка, і таму ў яе выпадку варыянт з працоўнай візай ня пройдзе. Ды і тысячы рублёў ёй шкада. Жанчына кажа, што пісала асабіста консулу, тлумачыла цяжкую сытуацыю ў сям’і, для чаго ёй і неабходна трапіць у Польшчу.

«Але консул адказаў мне, што ў скарачэньні штату вінаватыя беларускія ўлады і ён нічога ня можа зрабіць», — падзялілася Марына.

Паводле Анастасіі Лысакоўскай, Польшча — лідэр у колькасьці заяваў на візы, але запісацца на прыём — цэлы квэст. Пасьля ўвядзеньня ў візавым цэнтры вэрыфікацыі праз сэлфі і фота пашпарта працэс стаў праблемай, асабліва для людзей ва ўзросьце. Сайт часта дае збоі, асабісты кабінэт не заўжды загружаецца. Запіс на візу залежыць ад рэгіёну рэгістрацыі (Менская, Берасьцейская, Горадзенская вобласьці). Самыя вялікія складанасьці, паводле экспэрткі, назіраюцца ў Менскай — праз высокі попыт. Польшча зьмяніла правілы падачы на студэнцкія візы і адмяніла магчымасьць падачы праз кур’ера.

«Многім беларусам даводзіцца спрабаваць запісацца некалькі месяцаў, і бяз выніку. Мяркуецца, што ўведзеная вэрыфікацыя і скарачэньне месцаў на падачу ўплываюць на складанасьці ў запісе», — адзначыла Анастасія.

«Навічкі» ў шэнгенскай зоне — Баўгарыя, Румынія і Харватыя — таксама прымаюць дакумэнты на візы ад беларусаў. Гэтыя краіны патрабуюць аплачаныя броні авіяквіткоў і пражываньня, разгляд дакумэнтаў можа зацягнуцца на месяц.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG