Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эканоміка страціла 7–8% ад колькасьці занятых», — экспэрты BEROC пра агучаныя ўладамі лічбы эміграцыі беларусаў


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў у Варшаве, 2023 год
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя беларусаў у Варшаве, 2023 год

З 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек, заявіў днямі намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Карпянкоў. Такія маштабы эміграцыі значна вышэйшыя, чым раней ацэньвалі незалежныя экспэрты.

Партал «Зеркало» даведаўся ў экспэртаў дасьледчага цэнтру BEROC, якімі наступствамі пагражае такі маштаб «выцеку мазгоў».

Раней гучалі розныя ацэнкі эміграцыі беларусаў з пачатку рэпрэсіяў у 2020 годзе — ад 100 тысячаў да 500 тысячаў. Як кажуць экспэрты BEROC, незалежныя дасьледчыкі найчасьцей казалі пра лічбы парадку 150–250 тысяч чалавек. Разьлікі праводзілі з дапамогай статыстыкі эўрапейскіх краінаў: колькі дазволаў на жыхарства і якога тыпу выдавалі візы выдавалі беларусам. Праўда, варта ўлічыць, што доўгатэрміновыя візы, як Poland Business Harbour, атрымлівалі многія, але ня ўсе потым выехалі зь Беларусі. Але, нават з улікам такой пераацэнкі, ЭЗ — не адзіны напрамак міграцыі: многія выяжджаюць у Грузію, Чарнагорыю, раней ва Ўкраіну.

Экспэрты BEROC падкрэсьліваюць: не зусім зразумела, як была палічаная колькасьць эмігрантаў, якую агучыў Карпянкоў. Як варыянт, гэта могуць быць зьвесткі аб перасячэньні мяжы. Калі так, з гэтай ацэнкай таксама могуць быць праблемы, бо перасячэньне мяжы з Расеяй у ёй, хутчэй за ўсё, ня ўлічваецца. Зь іншага боку, ранейшыя ацэнкі ня ўлічвалі 2023 год.

«Калі выказаць здагадку, што гэтая ацэнка дакладная, гэта кажа пра тое, што дынаміка міграцыі, хутчэй за ўсё, працягваецца — і мы можам бачыць павелічэньне на гэтым «лічыльніку» на 100 тысяч чалавек у год», — кажуць экспэрты BEROC і адзначаюць, што «гэта прадказальна», бо рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

«Гэта вельмі сур’ёзны ўдар па эканоміцы»

Аналітыкі лічаць, што большая частка тых, хто зьехаў, — людзі працаздольнага ўзросту. У Беларусі даволі высокі ўзровень занятасьці — 83,9% ад працаздольнага насельніцтва. Хутчэй за ўсё, высокая занятасьць была і сярод тых, хто пераехаў, значыць, эканоміка страціла 7–8% ад колькасьці занятых. Гэта куды больш адчувальная страта, чым вынікала з агучаных раней маштабаў міграцыі.

«Хутчэй за ўсё, у гэтай выбарцы будзе вялікі перакос у бок кваліфікаванай працоўнай сілы — айцішнікаў, лекараў і іншых людзей інтэлігентных прафэсіяў. Значыць, удар па рынку працы Беларусі нанесены даволі моцны. Істотна мацнейшы (разы ў два), чым мы меркавалі раней», — адзначаюць экспэрты.

Паводле іх, такімі тэмпамі даволі хутка можна будзе казаць, што страчана 10% працаздольнага насельніцтва.

Таксама аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што чым даўжэй працягнецца цяперашняя грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі, тым меншая доля тых, хто зьехаў, будзе гатовая вярнуцца. Гэта створыць дадатковыя цяжкасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG