Як вынікае з новага статыстычнага зборніка Белстату «Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцьця насельніцтва Беларусі», у 2022 годзе ў Беларусі рэзка вырасла колькасьць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
У 2022 годзе ў Беларусі выявілі 2449 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоў, у 2021-м іх было 2172 — за мінулы год іх колькасьць вырасла на 277 чалавек, або 12,7%, заўважыла «Зеркало». У папярэднія гады такога рэзкага росту не было, наадварот, кожны год колькасьць дзяцей без апекі зьніжалася. З чым зьвязаны такі рост у 2022 годзе, у статыстычным зборніку інфармацыі няма.
Найбольш дзяцей без апекі за 2022 год выявілі ў Горадзенскай вобласьці — 327 (на 84 дзіцяці больш, чым у 2021-м), і гэта пры тым, што з усіх абласьцей тут найменшае насельніцтва. У асноўным дзяцей адпраўлялі ў апякунскія, прыёмныя сем’і або на ўсынаўленьне (1571 чалавек), а таксама ў дамы дзіцяці, дзіцячыя дамы, у тым ліку сямейнага тыпу, школы-інтэрнаты, дамы-інтэрнаты для дзяцей з інваліднасьцю (581 чалавек).
Агулам на верасень 2022 году ў дзіцячых установах у Беларусі знаходзіліся 2032 дзіцяці, у семʼях або дзіцячых дамах сямейнага тыпу — 12 тысяч дзяцей, на ўсынаўленьні выхоўваліся 11,4 тысячы.
Насельніцтва Беларусі скарачаецца і старэе
Як вынікае са сьвежага статыстычнага зборніка Белстату, на пачатак 2023 году насельніцтва Беларусі склала 9 200 617 жыхароў. Зь іх толькі 22% (1,988 млн) жывуць у вёсцы, астатнія — у гарадах. Вясковае насельніцтва за два гады скарацілася на 71 тысячу чалавек.
Насельніцтва па рэгіёнах на пачатак 2023 году ў параўнаньні з 2021 годам:
- Менск — 1,995 млн (у параўнаньні з 2021 годам — мінус 14 тыс.);
- Берасьцейская вобласьць — 1,315 млн (мінус 23 тыс.);
- Віцебская вобласьць — 1,092 млн (мінус 28 тыс.);
- Гомельская вобласьць — 1,347 млн (мінус 28 тыс.);
- Горадзенская вобласьць — 998,6 тыс. (мінус 19 тыс.);
- Менская вобласьць — 1,462 млн (мінус 11 тыс.);
- Магілёўская вобласьць — 989,7 тыс. (мінус 25 тыс.).
Агулам за апошні год насельніцтва Беларусі скарацілася на 54,9 тысячы чалавек, за два гады Беларусь страціла 148 тысяч чалавек, за пяць гадоў — 248 тысяч.
Жанчын у Беларусі на 700 тысяч больш, чым мужчын: 4,95 млн супраць 4,25 млн. На 1000 мужчын прыпадае 1165 жанчын, у апошнія гады гэты паказчык практычна не мяняецца.
Сярэдні ўзрост насельніцтва няўхільна расьце і складае ўжо 41,2 года: 38,4 гады для мужчын і 43,6 для жанчын. Самае «маладое» насельніцтва — у Менску (40,2 года), а самае «старое» — у Віцебскай вобласьці (43 гады).
На 1000 чалавек працаздольнага ўзросту (ад 16 гадоў да пэнсіі) у Беларусі цяпер прыпадае 401 пэнсіянэр і 303 дзіцяці (яшчэ пяць гадоў таму было 439 пэнсіянэраў і 311 дзяцей).