Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Галоўчанка заявіў, што Беларусь пакінулі адзінкі заходніх кампаній, у адрозьненьне ад Расеі


Раман Галоўчанка, архіўнае фота
Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Беларускі прэм’ер-міністар сказаў, што збор для інвэстараў зь «недружалюбных» краін будзе прымяняцца рэдка.

Раман Галоўчанка сказаў пра гэта ў інтэрвію беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.

Прэм’ер адзначыў, што нядаўні ўказ аб зборы ў 25%, які будзе спаганяцца з інвэстараў зь «недружалюбных» краін пры продажы імі ўласнасьці ў Беларусі, зьяўляецца «разьвіцьцём аналягічных расейскіх рашэньняў».

«Я не скажу, што гэта копія, але гэта пэўнае разьвіцьцё тых рашэньняў, якія былі прынятыя і ў Расейскай Фэдэрацыі ў частцы ўзмацненьня жорсткасьці ўмоў для тых, хто сышоў. Ва ўсіх ёсьць пэўныя абавязаньні паміж сабой. Калі гэтыя абавязаньні з боку, дапусьцім, кампаніі зь недружалюбнай краіны парушаюцца, то за гэта павінна існаваць пэўная дадатковая плата, так яе назавем. Я ўпэўнены, што ён ня будзе мець шырокага прымяненьня», — сказаў Галоўчанка.

Ён таксама падкрэсьліў, што Беларусь пакінулі адзінкі замежных кампаній, у адрозьненьне ад суседняй Расеі.

«Нават за гэты час, калі ў нас не было такога жорсткага рашэньня, літаральна адзінкі кампаній вырашылі пайсьці зь Беларусі, у той час як у той жа Расеі, мы бачым, вельмі шмат буйных кампаній працягваюць перадаваць актывы мясцовым уласьнікам. У нас такога працэсу ў цэлым не было», — сказаў ён.

На яго думку, гэта зьвязана з тым, што ў краіне прымаліся «ўзаемавыгадныя» рашэньні.

«Такога, каб нехта кінуў бізнэс у Беларусі і выйшаў з прычыны санкцыяў, асабіста я як кіраўнік ураду не прыгадаю. У цэлым практычна ўсе інвэстары з так званых недружалюбных краін працягваюць працаваць у Беларусі, рэалізоўваць свае праекты, працягваюць атрымліваць прыбыткі і дывідэнды ад сваіх інвэстыцый», — сказаў Галоўчанка.

Раней улады Беларусі ўвялі забарону на адчужэньне акцый і доляў у кампаніях, уласьнікамі якіх зьяўляюцца замежныя асобы. Усяго ў пераліку Савету Міністраў амаль 1800 юрыдычных асоб. Нядаўна ўлады абмежавалі і правы фундатараў на распараджэньне дывідэндамі. Яны залічваюцца на спэцрахункі і могуць быць скарыстаныя толькі на тэрыторыі Беларусі для ўкладаньня ў разьвіцьцё кампаній, а таксама ў дзяржаўныя каштоўныя паперы.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG