Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перакладчык набэліста Юна Фосэ на беларускую: «Ён уводзіць чытача ў стан эстэтычнага ачмурэньня і трансу»


Юн Фосэ, 2019 год
Юн Фосэ, 2019 год

«Нобэлеўскую прэмію нарвэжцу Юну Фосэ прарочылі ўжо даўно. А яшчэ даўней я стаў чытаць гэтага аўтара, калі вырашыў падвучыць нарвэскую мову», — піша Ян Максімюк, які перакладаў творы сёлетняга нобэлеўскага ляўрэата ў літаратуры Юна Фосэ на беларускую мову.

Калі гадоў дваццаць таму я стаў падвучваць нарвэскую мову і адначасова бавіцца ў пераклады на мову свайго дзяцінства — падляскую — я раптам адкрыў для сябе незвычайнага нарвэскага пісьменьніка Тар’ей Вэсаса (1897-1970), які пісаў на «вясковай» мове — landsmål, якая цяпер у Нарвэгіі афіцыйна называецца нованарвэскай (nynorsk). Я паспрабаваў перакласьці сёе-тое зь яго на падляскую — і ахнуў! Тар’ей Вэсас перакладаўся мне амаль «адзін у адзін». Нашы родныя «вясковыя» мовы былі сугучныя — і сваім лексычным запасам, і стылістычнымі сродкамі, і наагул вобразнасьцю...

Я тады пацікавіўся, а ці ёсьць нейкі сучасны нарвэскі пісьменьнік, які піша на nynorsk. І натрапіў, сярод іншых, на Юна Фосэ. Прачытаў ягоную п’есу «Nokon kjem til å komme» (Хтосьці прыйдзе), і рукі засьвярбелі, каб яе перакласьці на падляскую. Пераклаў і ня трачу надзеі, што некалі ўбачу яе пастаноўку на падляскай сцэне. І тады яшчэ падумаў, што калі дадуць «нобэля» нарвэжцу, то будзе гэта ня Карл Увэ Кнаўсгар ці Ларс Собю Крыстэнсэн, а якраз Юн Фосэ.

Фосэ піша на нованарвэскай (nynorsk), менш вядомым у сьвеце варыянце нарвэскай мовы (або на асобнай ад bokmål нарвэскай мове, як лічаць іншыя). Шырэйшае прызнаньне ў сьвеце ён здабыў перад усім як аўтар «мінімалістычных» экзыстэнцыяльных п’есаў.

Апошнім часам аднак Фосэ заявіў, што тэатральныя п’есы — закончаны разьдзел у ягонай творчасьці. Ён стаў пісаць прозу; сярод іншага, выдаў высока ацэненую ў Нарвэгіі і сьвеце «Трылёгію» («Trilogien»), а таксама раман «Мэланхолія» («Melancholia»), дзьве часткі, і трохтомную «Сэпталёгію» («Septologien»).

Фосэ — пісьменьнік-мінімаліст: ён ужывае абсалютна простую, «паўсядзённую» лексыку, сюжэты ў яго ня вельмі каб мудрагелістыя. Адно што ягоны стыль надзвычай дзівотны — ён вельмі любіць паўторы. І ў п’есах, і ў прозе. Гэтыя паўторы фразаў і матываў, якія насамрэч амаль ніколі не ўзнаўляюцца дакладна ў такім самым выглядзе, а кожны раз зьлёгку вар’іруюцца, уводзяць чытача (і гледача ў тэатры) у стан нейкага эстэтычнага ачмурэньня і трансу...

Юн Фосэ пра сябе

Каб хоць трохі наблізіць постаць сёлетняга нобэлеўскага ляўрэата, я пераклаў невялікія фрагмэнты размовы, якую зь пісьменьнікам правяла ў 2019 годзе Цэцылія Н. Сайнэс, рэдактарка ягоных кніжак у выдавецтве Det Norske Samlaget. У 2009 годзе яна апублікавала сваю кніжку пра Юна Фосэ «Паэт на Божай зямлі» («Poet på Guds jord»).

Размова ў асноўным датычыла «Сэпталёгіі» Юна Фосэ, якую ён на той час закончыў, — першая з трох кніжак гэтага цыклю пад загалоўкам «Іншае імя» («Det andre namnet»), тады толькі што выйшла. Але я ніжэй пераклаў толькі асабістае пра пісьменьніка.

Сайнэс: Час бяжыць. Вам неўзабаве будзе шэсьцьдзесят?

Фосэ: Гэта ня вельмі радуе. Але я адчуваў сябе добра, калі мне споўнілася 40, шмат што здарылася ў маім жыцьці, і мне было добра, калі споўнілася 50.

Сайнэс: Вам 60, і ў вас шасьцёра дзяцей — найменшае яшчэ немаўля!

Фосэ: Так, гэта найлепшая рэч, якая магла мне прыдарыцца. Я адкрываю, што бацькоўства цяпер — іншая рэч, чым бацькоўства ў маладзейшым узросьце. Але, безумоўна, лепш быць бацькам, калі ты малады.

Сайнэс: Вы можаце спакойна думаць пра сьмерць?

Фосэ: Так, але бацькоўства ўскладняе рэчы. Гэта загана бацькоўства ў старэйшым узросьце, але я лічу, што жыцьцю трэба адбывацца, дзецям трэба нараджацца, жыць і дазваляць жыць іншым. Мяне не турбуе думка пра сьмерць; у жыцьці шмат болю. А ўва мне яшчэ многа смутку. Як сказаў Ібсэн: «Я атрымаў дар смутку, а потым стаў паэтам». Боль, смутак, мэлянхолія, дэпрэсія — гэта таксама дары. Зь іх можна зрабіць нешта добрае. (...)

Сайнэс: Вы ўжо закончылі шлях драматурга?

Фосэ: Так, я не схацеў больш пісаць п’есы; гэтае рашэньне і так было запозьненым. Калі вы працавалі драматургам шмат гадоў, пʼеса вам даецца даволі лёгка. У маім выпадку адна пʼеса падобная да другой. І гэта добра! У яскравага апавядальніка адзін твор пераходзіць у іншы. Паглядзіце толькі на паэта Георга Тракла, якога я нядаўна пераклаў на нарвэскую. У маім выпадку вы можаце ўявіць сабе, што некаторыя мае рэчы зьяўляюцца рознымі актамі адной і той самай пʼесы: «Імя» можа быць першым актам, «Начныя песьні» другім; або, напрыклад, «Зіма» можа быць першым актам, а «Хтосьці прыйдзе» другім.

[Занатоўка Сайнэс: Ні для кога не сакрэт, што некаторы час Юн Фосэ моцна выпіваў. Але ніколі тады, калі пісаў, — дзеля гэтага яму трэба было быць цьвярозым. На працягу многіх гадоў Фосэ піў, каб пазбавіцца ад трывогі, якая ўплывала на ўсе аспэкты ягонага жыцьця, акрамя пісьменства. Але празь некаторы час алькаголь узяў верх. Як сам піша, ён ніколі ня быў пʼяным, але павінен быў выпіць, каб быць нармальным. Фосэ піў кругласутачна на працягу некалькіх месяцаў і вясной 2012-га страціў прытомнасьць.]

Фосэ: У мяне былі моцныя трызьненьні і алькагольнае атручэньне. Я чытаў, што 30% людзей паміраюць ад гэтага, калі не атрымліваюць лячэньня. А яшчэ 30% паміраюць падчас лячэньня.

Сайнэс: 2012 год быў пераломным. Вы кінулі піць у сакавіку і летам перайшлі ў каталіцтва.

Фосэ: Так, гэта была зьмена. Я ўзяў у рукі стырно і зьмяніў курс карабля.

Сайнэс: І нешта яшчэ адбылося ў гэты час, прыблізна ў 2012-м?

Фосэ: Так, шмат што сышлося тады. Я сустрэў Анну, і мы пажаніліся. У нас нарадзілася першая дачка, Эрлі. А потым мне далі Grotten (будынак XIX стагодзьдзя каля Каралеўскага палацу ў цэнтры Осла; гэта ганаровая рэзыдэнцыя, якую нарвэская дзяржава дае на пастаяннае жыхарства выдатным прадстаўнікам нацыянальнай культуры. — ЯМ). У асноўным мы жылі там палову году, але летась правялі там увесь час, а з восені будзем там жыць пастаянна.

  • Цалкам інтэрвію Цэцыліі Н. Сайнэс па-ангельску можна прачытаць тут.
  • Твор Юна Фосэ «Бессань» у перакладзе на беларускую Яна Максімюка можна прачытаць тут.
  • Ян Максімюк нарадзіўся ў вёсцы Ляхí на Падляшшы (Польшча). Скончыў фізычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Працаваў настаўнікам ангельскай мовы і журналістам беларускамоўнага тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку, перакладчыкам пры амбасадзе ЗША ў Варшаве, на Радыё Свабода ў Празе. Пераклаў каля дзясятка кніг зь беларускай мовы на польскую (Уладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Адам Глобус, Алесь Разанаў) і зь іншых эўрапейскіх моваў на беларускую (Богуміл Грабал, Джэймс Джойс, Патрык Мадыяно).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG