Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-амбасадар Нямеччыны: Да 50 тысячаў беларусаў чакаюць у чарзе, каб атрымаць шэнгенскія візы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйны Менск павінен дыстанцыявацца ад вайны Расеі супраць Украіны ня толькі на словах, але, на жаль, гэта пакуль ня зроблена. Такое меркаваньне ў камэнтары BPN выказаў амбасадар Нямеччыны ў Беларусі ў 2019–2023 гадах Манфрэд Хутэрэр.

«Відавочна, што Лукашэнка ня хоча пасылаць войска. Беларускае грамадзтва — гэта мірнае грамадзтва, яно не жадае ваяваць з суседзямі. Большасьць беларусаў супраць гэтай вайны. Але тыя маленькія сымбалічныя крокі, якія спрабуе прадэманстраваць беларуская ўлада зараз, — ня тое, чаго мы чакаем ад Беларусі», — заявіў дыплямат.

Паводле яго слоў, для Нямеччыны Беларусь — саўдзельнік Расеі ў вайне. Яна «дала тэрыторыю і стратэгічную лягістыку», без дапамогі якой Расея была б ня ў стане напасьці на Ўкраіну з поўначы.

«Гэта трэба памятаць. Калі сачыць за пастаяннымі выказваньнямі Лукашэнкі ў афіцыйных СМІ, ён абараняе Расею і апраўдвае гэтую вайну», — зазначыў Хутэрэр.

Зь іншага боку, працягнуў экс-амбасадар, беларускае кіраўніцтва бачыць, што вайна ідзе не паводле пляну Расеі, і спрабуе неяк дыстанцыявацца ад саўдзелу. «Улады Беларусі зацікаўленыя атрымліваць ад Эўропы палёгкі і прадстаўляюць сябе міратворчай сілай», — сказаў Хутэрэр. Акрамя таго, Менск апраўдваецца яшчэ і тым, што беларускае войска ня ўдзельнічае ў вайне.

26 верасьня ў Бэрліне Хутэрэр выступіў на дыскусіі «Тры гады надзвычайнага становішча: Беларуская грамадзянская супольнасьць восеньню 2023 году».

Ён падкрэсьліў, што цяпер у Беларусі вельмі цяжкая сытуацыя з грамадзянскай супольнасьцю, «ужо даўно немагчыма выказаць уласную думку», на працягу трох гадоў пасьля выбараў «многія людзі былі вымушаныя пакінуць краіну, многія знаходзяцца ў турмах».

«Візавы цэнтар Нямеччыны ў Менску працуе ў напружаным рэжыме і апрацоўвае каля 4 тысячаў заяваў у месяц. Аднак у чарзе чакаюць ад 40 да 50 тысячаў тых, хто хоча атрымаць візы», — паведаміў былы нямецкі амбасадар.

Паводле яго слоў, сёньня вельмі важна ведаць і памятаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

«Думаю, гэта ў агульных інтарэсах Эўропы», — падкрэсьліў ён. Ён канстатаваў, што ў 2020–2021 гадах увага ўсяго сьвету была прыкаваная да Беларусі, але цяпер «цікавасьць сусьветных і, у прыватнасьці, нямецкіх СМІ цалкам арыентаваная на вайну ва Ўкраіне».

«З аднаго боку, гэта зразумела, з другога — сумна, — сказаў Хутэрэр. — Я баюся, што беларуская тэматыка не прадстаўленая ў той ступені, у якой гэта магчыма і патрэбна цяпер. Працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, тычацца эўрапейскіх інтарэсаў у галіне правоў чалавека, ня толькі дэмакратычных каштоўнасьцяў ЭЗ, але і нашых стратэгічных інтарэсаў».

На думку Хутэрэра, праца дэмакратычных сіл і Сьвятланы Ціханоўскай вельмі важная, бо «на Захадзе яны ўвесь час зьвяртаюць увагу на падзеі, якія адбываюцца ўнутры краіны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG