Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давер да ўлады не расьце, у грамадзтве антываенны і антыядзерны кансэнсус, — вынікі апытаньня


Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несьці тактычную ядзерную зброю
Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несьці тактычную ядзерную зброю

Каманда зь пяці дасьледчыкаў прадставіла чарговы даклад пра тэндэнцыі разьвіцьця Беларусі за сакавік-травень 2023 году. «Беларускі трэкер пераменаў» маніторынгавы праект беларускіх дасьледчыкаў, якія раз у квартал прадстаўляюць свой аналіз падзеяў у Беларусі і вакол яе.

У межах апошняй справаздачы апублікаваныя вынікі чарговага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага ў Беларусі сацыёлягам Філіпам Біканавым. Апытаньне праводзілася онлайн сярод інтэрнэтызаваных гарадзкіх жыхароў Беларусі.

Асноўныя тэндэнцыі ў беларускай грамадзкай думцы, якія выявіла апытаньне:

  • Рост долі тых, хто давярае кіроўнаму рэжыму, спыніўся. З сакавіка 2022 году па сакавік 2023 году сумарны аб’ём групаў «Зацятыя прыхільнікі рэжыму» і «Схільныя давяраць рэжыму» павялічыўся з 58% да 66%. За мінулы квартал сумарны абʼём гэтых групаў павялічыўся на паўадсотка.
  • Тлумачэньне аўтараў : «Паказчыкі зафіксаваліся на значна больш высокім узроўні, чым год таму, — на наш погляд, гэта можна растлумачыць адсутнасьцю рэзкага пагаршэньня жыцьця, якога многія, верагодна, чакалі, а таксама ўспрыманым вобразам Беларусі як „ціхай гавані“, у якой няма вайны».
  • Паміж групамі «зацятых прыхільнікаў рэжыму» і «зацятых праціўнікаў рэжыму» захоўваецца высокая напружанасьць, яны ўспрымаюць адна адну праз прызму палітычнага супрацьстаяньня. «Абодва бакі знаходзяцца ў інфармацыйных „бурбалках“, што перашкаджае ўзаемадзеяньню і прыводзіць да ўмацаваньня існуючых установак у адносінах да сябе і прадстаўнікоў іншай групы», — пішуць аўтары дасьледаваньня.
  • У найбольшай ізаляцыі знаходзяцца «зацятыя праціўнікі рэжыму». Гэтая група адчувае ўсё меншую сувязь зь беларускай дзяржавай, яна радзей, чым іншыя, ідэнтыфікуе сябе як грамадзян Беларусі.
  • Ізаляцыя пагаршаецца тым, што нават у меншай ступені ўключаныя ў сыстэму групы людзей (напрыклад, «схільныя не давяраць рэжыму») адчуваюць пэўную дыстанцыю ў адносінах да прадстаўнікоў групы «зацятых праціўнікаў рэжыму».
  • Падтрымка Расеі ў вайне, як і раней, выразна асацыяваная з даверам да рэжыму, у той час як падтрымка Ўкраіны — зь недаверам да яго. У цэлым канфігурацыя падтрымкі таго ці іншага боку ў грамадзтве засталася нязьменнай.
  • Бязь зьменаў застаўся і антываенны кансэнсус — хоць назіраецца невялікі рост падтрымкі ўводу беларускіх войскаў у вайну на баку Расеі. Пераважная большасьць рэспандэнтаў супраць удзелу беларускай арміі на любым з бакоў вайны.
  • Пераважная большасьць апытаных — супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Нават сярод «зацятых прыхільнікаў рэжыму» менш за палову (46%) вітаюць разьмяшчэньне ў краіне расейскай ТЯЗ. У сэгмэнце «схільных давяраць рэжыму» такую пазыцыю займаюць толькі 32%. Сярод «схільных не давяраць рэжыму» і яго зацятых праціўнікаў віталі ўвод у Беларусь ядзернай зброі РФ 12% і 3% адпаведна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG