У судзе Баранавіцкага раёну і Баранавічаў 17 жніўня вынесьлі прысуд 36-гадовай палітзьняволенай жыхарцы вёскі Скробава Сьвятлане Баканавай, паведамляе «Вясна», якой стала вядома пра вырак.
Яе абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэксу.
Судовы працэс вёў судзьдзя Мікалай Кміта. Сьвятлану Баканаву затрымалі 17 траўня 2023 і першапачаткова асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу 19.11 КаАП за «распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць», а пасьля гэтага, 25 траўня, на яе завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.
Па матэрыялах абвінавачаньня, Баканава на сваёй старонцы ў «Аднаклясьніках» нібыта «разьмясьціла публікацыю і відэазапіс з застаўкай са зьвесткамі пра Лукашэнку, спалучаныя з абвінавачаньнем яго ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў, такіх як „забойства“, „здрада дзяржаве“».
Суд прызначыў Сьвятлане адзін год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон жанчыны канфіскавалі. А ўжо 8 верасьня МУС унёс яе прозьвішча ў сьпіс «экстрэмістаў».
Берасьцейцу прысудзілі за абразу Лукашэнкі і службовых асоб Расеі 2 гады абмежаваньня волі
У судзе Маскоўскага раёну Берасьця асудзілі 20-гадовага Вадзіма Смалеўскага. Судзьдзя Марыя Аліферук абвінаваціла яго ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Вадзім 2 сакавіка 2022 году са сваёй асабістай старонкі «УКантакце» ў чаце «Малюнак свастыкі. Незалежная Украіна Група ВМС – 17» разьмясьціў малюнак Лукашэнкі і службовых асоб Расеі, які прыніжае «іх гонар і годнасьць».