Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празь некалькі гадзін пасьля землятрусу на расейскай Камчатцы пачаў вывяргацца вулькан


Вывяржэньне вулькану Ключаўская сопка, Камчатка, Расея, 30 ліпеня 2025
Вывяржэньне вулькану Ключаўская сопка, Камчатка, Расея, 30 ліпеня 2025

Вулькан Ключаўская Сопка пачаў вывяргацца пасьля магутнага землятрусу ў Ціхім акіяне, паведаміла Камчацкая служба геалягічнага маніторынгу.

Пра гэта піша Euronews.

Адзін з наймацнейшых землятрусаў у гісторыі адбыўся ля берагоў расейскай паўвыспы Каматчка ў сераду, выклікаўшы хвалю вышынёй да чатырох мэтраў на ціхаакіянскім узьбярэжжы Расеі.

Папярэджаньне аб цунамі было абвешчанае ад Аляскі і Японіі да Францускай Палінэзіі.

Празь некалькі гадзінаў стала вядома аб вывяржэньні Ключаўской сопкі — самага высокага актыўнага вулькана ў Эўразіі.

Адмыслоўцы Камчацкага аддзяленьня Адзінай геафізычнай службы Расейскай акадэміі навук перадаюць апошнюю інфармацыю аб вывяржэньні вулькану: «Назіраецца сход лавы па заходнім схіле. Магутнае сьвячэньне над вульканам, выбухі».

Усяго на Камчацкім паўвостраве знаходзіцца каля 160 вульканаў, 29 зь якіх лічацца дзейнымі.

Ключаўская Сопка разьмешчаная за 450 кілямэтраў на поўнач ад сталіцы рэгіёну Петрапаўлаўска-Камчацкага.

Улады Японіі заклікалі да эвакуацыі больш за два мільёны чалавек пасьля, імаверна, самага моцнага землятрусу ў сьвеце з 2011 году, які адбыўся ў раёне Камчаткі.

На большай частцы архіпэлягу было абвешчана папярэджаньне аб цунамі, зараз жа яно распаўсюджваецца толькі на паўночныя раёны краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG