Адміністрацыйную адказнасьць за прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры» прапануецца ўвесьці ў Беларусі з ініцыятывы Генэральнай пракуратуры. Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 12 верасьня ў Менску старшы пракурор аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі згаданага ведамства Раман Сідарэнка.
З падобнай прапановай Генпракуратура выступала яшчэ на пачатку лета. Тады праваабарончыя і іншыя арганізацыі падпісалі сумесную заяву з патрабаваньнем прытрымлівацца міжнародных абавязаньняў Беларусі ў сфэры сэксуальных і рэпрадуктыўных правоў.
«Дыскрымінацыя пойдзе далей і шырэй, гэта будзе тычыцца ўсіх»
Наста Базар — фэміністка, нізавая квір-актывістка. (Квір — зборны тэрмін для абазначэньня людзей, чыя сэксуальнасьць і/або гендэрная ідэнтычнасьць інакшыя, чым у большасьці. — РС).
«Гэта яшчэ адзін спосаб закруціць гайкі, яшчэ адзін спосаб, за што можна штрафаваць людзей. Проста людзі, якія не зьяўляюцца ЛГБТК, якія супраць, ім здаецца, што гэта пра некага. Але праблема ў тым, што такія законы пра ўсіх. І калі дыскрымінуюць адну групу людзей, то, без варыянтаў, дыскрымінацыя пойдзе далей і шырэй, гэта будзе тычыцца ўсіх», — кажа Наста Базар.
Камітэт расьсьледаваньня катаваньняў рабіў дасьледаваньне пра ЛГБТК-людзей пры затрыманьнях, нагадвае Наста. Там было шмат выпадкаў, калі да людзей пачыналі ставіцца дрэнна толькі таму, што счытвалі іх як ЛГБТК.
«Гэта мог быць дагледжаны дарослы мужчына, які проста добра выглядаў, пах парфумай або быў у прыгожым пінжаку з шалікам — і ўсё, яго счытвалі як ЛГБТК, да яго ставіліся ўжо дрэнна. Таму гэта будзе тычыцца ўсіх».
Наста прыводзіць прыклад таго, як і да 2020-га сыстэматычна затрымлівалі і катавалі актывістаў і актывістак, але гэта тычылася невялікай групы людзей, таму большасьці было зручна рабіць выгляд, што гэта не пра іх. У 2020 годзе з гвалтам сутыкнулася вялікая колькасьць, людзі ўскалыхнуліся і вельмі зьдзівіліся, дадае актывістка.
«Мы, фэміністкі, ЛГБТК-супольнасьць, увесь час гаворым, што гвалт, калі ён ёсьць, ён ніколі не прыпыніцца на адной групе людзей, ён заўсёды будзе пашырацца. І калі б у нас не была такая нармалізацыя гвалту грамадзкага, калі б не было такога ўзроўню гвалту хатняга, у нас не магло б быць такога ўзроўню дзяржаўнага гвалту.
Я счытваю гэты закон так: „Давайце будзем даваць адміністрацыйны штраф людзям з блакітнымі вачыма альбо людзям, якія вышэйшыя за 1 мэтар 85 сантымэтраў. Давайце будзем даваць штраф чалавеку за тое, што ён нарадзіўся такі альбо такая“».
Наста дадае, што сёньня агулам небясьпечна знаходзіцца ў Беларусі, а ўразьлівым групам тым больш.
«Я не заклікаю выяжджаць, бо гэта выбар кожнай і кожнага, але я разумею, што цяпер трэба яшчэ больш „шыфравацца“. І хто будзе судзьдзямі? Ну вось мы бачым чалавека, і хто будзе вызначаць, што ён ЛГБТК альбо не ЛГБТК?»
«Я адмаўляюся прымаць, каб маім дзецям такое ўлівалі ў вушы»
З ініцыятывы Генпракуратуры сёлета ў навучальныя праграмы будуць уводзіць заняткі для вывучэньня асноў сямейнага жыцьця, «накіраваныя на ўмацаваньне гатоўнасьці падрастаючага пакаленьня да стварэньня сям’і і для свабоднага эфэктыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці».
Наста Базар дадае, што празь цяперашнюю сыстэму адукацыі яе дзеці ніколі не хадзілі ў школу, нават да 2020 году.
«Цяпер я не аддала б тым больш у школу, бо я не магу пагадзіцца з тым, што маім дзецям будуць гаварыць, што правільна — гэта мужчына з жанчынай, каб жанчына маўчала, гатавала, прыбірала, а мужчына здабываў мамантаў. Таму я дакладна ўжо даўно зрабіла свой выбар. Але цяпер, нікога не крытыкуючы, прымаючы з павагай думку кожнага і кожнай, я адмаўляюся прымаць, каб маім дзецям такое ўлівалі ў вушы, для мяне гэта проста недапушчальна».
«Гэта ўварваньне дзяржавы ў асабістае жыцьцё грамадзян»
Марго Ворыхава — прэзыдэнтка Моладзевай нацыянальнай рады «РАДА» і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у моладзевай палітыцы і студэнтах. «РАДА» таксама была сярод арганізацый, якія падпісалі заяву супраць падобных ініцыятываў ад дзяржавы.
«З майго пункту гледжаньня і маёй арганізацыі — гэта ўварваньне дзяржавы ў асабістае жыцьцё грамадзян. Такім чынам дзяржава імкнецца ўплываць на тое, як грамадзтва ставіцца да ЛГБТК-людзей, спрабуе выхоўваць у людзях нянавісьць, нежаданьне быць адкрытымі, каб грамадзтва было разнастайным і інклюзіўным, імкнецца прапагандаваць гэта насельніцтву», — кажа Марго Ворыхава.
Марго лічыць, што такі закон на практыцы можа прымаць самыя абсурдныя формы.
«Гэта можа прымаць форму ад, напрыклад, пакараньня за допіс у Instagram, у якім даецца інфармацыя пра тое, якія ЛГБТК-пэрсоны, празь якія праблемы і выклікі яны праходзяць. Так і сэксуальная асьвета, у тым ліку, будзе лічыцца прапагандай ЛГБТК. А можа, самі размовы пра ЛГБТК-пэрсон будуць незаконныя. Улічваючы тое, як дзяржава ставіцца да законаў, гэта можа стаць яшчэ адным інструмэнтам для барацьбы з актывізмам, гэта яшчэ адзін дадатковы артыкул у справах актывістаў».
Марго дадае, што ў школах пад «традыцыйнымі каштоўнасьцямі» можа падавацца дзецям інфармацыя, дзе сямейныя інстытуты заснаваныя на адносінах мужчын і жанчын, у якіх жанчына — «слабае зьвяно».
«Мы ня можам адмаўляць, што калі ўвесь час казаць дзецям, што „традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці“ — гэта нармальныя адносіны і адзіныя правільныя, то нейкія стэрэатыпы ўсё роўна будуць фармавацца, нават калі бацькі будуць прыкладаць намаганьні, каб іх перамагаць».
Праз такую адукацыйную палітыку будзе адбывацца ціск на дзяцей і іхныя сем’і, кажа дарадца.
«Напрыклад, калі дзеці з больш-менш лібэральнай сям’і будуць выказваць у школе тое, што ім расказвалі дома, то ідэалягічна настроеныя настаўнікі могуць такую інфармацыю перадаваць пасьля ў рэпрэсіўныя органы».
Таксама Марго дадае, што адміністрацыйная адказнасьць можа перарасьці ў крымінальную.
«Я думаю, такая імавернасьць заўсёды ёсьць, бо ўжо выходзілі законы, якія для мяне асабіста ня маюць ніякага сэнсу, але для рэжыму гэта вельмі зручны інструмэнт, каб рэпрэсаваць людзей».