Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супярэчлівыя сыгналы Лукашэнкі. Чаму не атрымліваецца размарозіць беларуска-польскія дачыненьні


Аляксандар Лукашэнка на фоне польскага сьцяга. Ілюстрацыйны каляж
Аляксандар Лукашэнка на фоне польскага сьцяга. Ілюстрацыйны каляж

У апошні час можна заўважыць жаданьне афіцыйнага Менску не ісьці на эскаляцыю адносін з Польшчай і нават панізіць градус супрацьстаяньня. Аднак Варшава рэагуе на гэта стрымана. Чаму? І чаго чакаць у блізкай будучыні?

Сьцісла:

  • У адказ на запрашэньне назіральнікаў на вучэньні ў Беларусь МЗС Польшчы адмовілася, адзначыўшы, што «такога тыпу запрашэньні трэба трактаваць як прапагандысцкія дзеяньні».
  • Рашэньне Польшчы аднавіць прыём дакумэнтаў на турыстычныя візы ва ўсіх візавых цэнтрах можна разглядаць хутчэй як крок насустрач беларускаму грамадзтву, чым дзейнаму рэжыму.
  • Менск адначасова пасылае суседзям два супрацьлеглыя сыгналы.
  • Галоўная праблема ў двухбаковых беларуска-польскіх адносінах — адсутнасьць узаемнага даверу.

Беларуска-польскія дачыненьні перажываюць дзіўны пэрыяд. Адначасова з узаемнымі абвінавачваньнямі, пагрозамі, канфліктнымі сытуацыямі на мяжы робяцца жэсты, якія можна разглядаць як прапановы да разрадкі двухбаковых адносін.

У прыватнасьці, Варшава ставіць дзьве ўмовы размарожваньня стасункаў. Гэта вывядзеньне зь Беларусі наймітаў ПВК «Вагнэр» і спыненьне міграцыйных атак на беларуска-польскую мяжу.

На першую прапанову афіцыйны адказ Аляксандра Лукашэнкі быў такі: «Вагнэр» жыў, «Вагнэр» жыве, «Вагнэр» будзе жыць у Беларусі, як бы гэта каму ні хацелася«. Акрамя таго, Лукашэнка заявіў, што няхай спачатку Польшча і Літва выведуць са сваёй тэрыторыі замежных вайскоўцаў, і толькі потым патрабуюць вываду вагнэраўцаў.

Што тычыцца другой умовы, то тут інфармацыя супярэчлівая. Нібыта колькасьць мігрантаў, якія атакуюць мяжу, апошнімі днямі зьменшылася. Але з гэтага цяжка рабіць нейкія высновы. Магчыма, гэта проста канец чарговай міграцыйнай хвалі: адна партыя мігрантаў закончылася, чакаюць новую.

Таксама супярэчлівай выглядае сытуацыя зь верталётам. Беларускія памежнікі аб’явілі аб парушэньні беларускай паветранай прасторы польскім вайсковым верталётам Мі-24 1 верасня. Афіцыйны Менск зрабіў з гэтай нагоды дыпляматычны дэмарш. Варшава адхіліла абвінавачаньне, назвала яго «правакацыяй» беларускіх уладаў.

Слова «правакацыя» адносна гэтага інцыдэнту ўжыў і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, але ў іншым сэнсе. Маўляў, ня варта лічыць парушэньне мяжы польскім верталётам сьвядомай правакацыяй палякаў, гэта ўсяго толькі памылка лётчыкаў. Хоць адначасова назваў Польшчу «агрэсіўным суседам».

Можна лічыць міралюбівым жэстам афіцыйнага Менску запрашэньне Польшчы ў якасьці назіральніка на вайсковыя вучэньні АДКБ «Баявое брацтва — 2023», якія зараз праходзяць у Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцях. Але калі дэталёва паглыбіцца ў гэтую гісторыю, то зноў атрымліваецца пэўная супярэчлівасьць.

Пра запрашэньне польскіх назіральнікаў на вучэньні стала вядома з публічнай заявы Лукашэнкі на паседжаньні Савету бясьпекі 31 жніўня. Польскі бок пацьвердзіў, што такое запрашэньне прыйшло. Аднак, як паведаміла БелТА 28 жніўня, «на вучэньні АДКБ, якія пройдуць у Беларусі, запрошаны назіральнікі з Кітаю, Ірану, Саудаўскай Арабіі і Манголіі». Сам па сабе пералік краін, скажам так, своеасаблівы. Якая цікавасьць у дзяржаў Азіі да вучэньняў у Беларусі? Але зьвернем увагу, што Польшчы ў гэтым пераліку няма. Дык запрашэньне зьявілася толькі 31 жніўня? А вучэньні пачаліся 1 верасьня. Так, за дзень да падзеі, ніхто не запрашае. Ня дзіва, што Варшава адмовілася прыслаць назіральнікаў, а МЗС Польшчы адзначыла, што «такога тыпу запрашэньні трэба трактаваць як прапагандысцкія дзеяньні».

З усяго гэтага можна заўважыць жаданьне афіцыйнага Менску не ісьці на эскаляцыю адносін з Польшчай і нават панізіць градус супрацьстаяньня. Гэта відаць нават па рыторыцы дзяржаўных мэдыя, якія апошнім часам прыкметна прыцішылі антыпольскую гістэрыю.

Аднак Варшава рэагуе на гэта даволі стрымана. Рашэньне Польшчы аднавіць прыём дакумэнтаў на турыстычныя візы ва ўсіх візавых цэнтрах можна разглядаць хутчэй як крок насустрач беларускаму грамадзтву, чым дзейнаму рэжыму.

Чаму так адбываецца? На тое ёсьць некалькі прычын.

Найперш, справа ў тым, што Менск адначасова дасылае суседзям два супрацьлеглыя сыгналы. З аднаго боку, ён абвінавачвае заходніх суседзяў у падрыхтоўцы агрэсіі, пагражае, палохае іх ядзернай зброяй і «Вагнэрам». А з другога боку, Менск нібыта дэманструе гатоўнасьць «да аднаўленьня добрых адносін». Калі контрагенты атрымліваюць адначасова два супрацьлеглыя сыгналы, то яны проста лічаць іх несур’ёзнымі, прапускаюць міма вушэй, ацэньваючы як няшчырую гульню з мэтай увесьці ў зман суперніка. Асабліва калі словы не падмацоўваюцца ці слаба падмацоўваюцца справамі.

Галоўная праблема ў двухбаковых беларуска-польскіх дачыненьнях — адсутнасць узаемнага даверу. Калі апанэнта ўвесь час падазраюць у нейкіх падкопах, то непазьбежна перабольшваюць ступень пагрозы, якая зыходзіць ад яго. Менск бачыць у стварэньні вайсковай інфраструктуры і разьмешчаных на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі падразьдзяленьнях NATO вялікую небясьпеку.

З другога боку, Польшча і Літва перабольшваюць пагрозу, якая зыходзіць ад ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі. Асабліва цяпер, пасьля гібелі яе верхавода Яўгенія Прыгожына, калі гэтая вайсковая кампанія знаходзіцца ў каматозным стане.

Міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі канстатаваў, што цяперашнія вучэньні ў Беларусі з удзелам расейскіх войскаў — «элемэнт псыхалягічнай вайны супраць Польшчы». Аднак гэтыя вучэньні невялікія маштабам. У іх задзейнічана 2,5 тысячы вайскоўцаў, уключаючы некалькі соцень з РФ. Расеі зараз не да вучэньняў, ім бы неяк утрымаць фронт на поўдні Ўкраіны. А Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан прадстаўленыя на гэтых манэўрах чыста сымбалічна. Ужо ім ніякая канфрантацыя з краінамі NATO сапраўды не патрэбна.

Таму без аднаўленьня ўзаемнага даверу хоць бы на элемэнтарным узроўні Менску і Варшаве цяжка будзе наладзіць стабільны дыялёг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG