Як паведамляе Vatican News, па словах пантыфіка, гаворка ішла пра культуру, а не пра імпэрыялістычную мінуўшчыну.
«Я ня меў на ўвазе імпэрыялізм, калі казаў гэта. Я гаварыў пра культуру», — сказаў папа, адказваючы на пытаньне журналіста італьянскага інфармацыйнага агенцтва ANSA, які папрасіў яго патлумачыць, чаму пантыфік згадаў такія постаці, як Пётар І ці Кацярына ІІ, а таксама што ён думае пра імпэрыялізм, у прыватнасьці расейскі.
Папа адзначыў, што, кажучы пра спадчыну для моладзі, ён спасылаўся на ідэю «вялікай Расеі».
«Таму што расейская спадчына вельмі добрая», — сказаў ён.
«Напрыклад, у галіне літаратуры, у сфэры музыкі, аж да Дастаеўскага, які сёньня гаворыць нам пра сталы гуманізм. Каб яны (моладзь. — Рэд.) перанялі гэты гуманізм, які склаўся ў мастацтве і літаратуры. Гэта другі аспэкт таго, што я сказаў пра спадчыну. Трэці, відаць, не атрымаўся. Калі казаць пра „вялікую Расею“, магчыма, ня столькі ў геаграфічным, колькі ў культурным сэнсе, я ўспомніў тое, чаму нас вучылі ў школе: Пётар I, Кацярына II. А потым усплыў гэты трэці (элемэнт. — Рэд.), які, відаць, не зусім правільны. Я ня ведаю. Хай скажуць гісторыкі. Але гэта быў дадатак, які ўзьнік у мяне, таму што я вывучаў гэта ў школе», — патлумачыў пантыфік, які нарадзіўся і вырас у Аргентыне.
Адказваючы на другую частку пытаньня, якая тычылася стаўленьня да імпэрыялізму, Папа сказаў: «Я ня меў на ўвазе імпэрыялізм, калі казаў гэта. Я казаў пра культуру, а трансьляцыя культуры ніколі не бывае імпэрыялістычнай, ніколі. Гэта заўсёды дыялёг, і я пра гэта казаў».
У апублікаваным 25 жніўня відэазвароце да расейскай каталіцкай моладзі Папа Францішак сказаў літаральна наступнае:
«Ніколі не забывайце сваю спадчыну. Вы — нашчадкі вялікай Расеі: вялікай Расіі сьвятых, уладароў, вялікай Расеі Пятра I, Кацярыны II, той імпэрыі — вялікай, адукаванай, (краіны) вялікай культуры і вялікай чалавечнасьці. Ніколі не адмаўляйцеся ад гэтай спадчыны. Вы нашчадкі вялікай матухны-Расеі, крочце з ёю наперад. І дзякуй вам — дзякуй за ваш спосаб быцьця, за ваш спосаб быць расейцамі».